Цяжкая праца фаварытаў



Чарговыя два матчы 1/8-й фіналу прайшлі на бразільскім чэмпіянаце свету. Яркага відовішча не атрымалася. Фаварыты мусілі цяжкай працай даводзіць сваю перавагу. У чвэрцьфінал такім чынам выйшлі Францыя і Нямеччына, якія далей сустрэнуцца паміж сабой.

„Пеўні” перамаглі „арлоў”

Нігерыя двойчы да гэтага выходзіла ў плэй-оф, але прайсці далей была не ў стане. Афрыканцы доўга вялі супраціў і ў матчы з Францыяй, але ўрэшце былі змушаныя саступіць “трохкаляровым” дарогу. Спярша “суперарлы” дзеілі актыўней супернікаў. Эмануэль Эменіке нават эфектна забіў, але арбітры з-за афсайду слушна анулявалі яго гол. А на 23-й хвіліне ўжо трапна прабіў хаўбек Францыі Поль Пагба – нігерыйцаў уратаваў брамнік Вінсэнт Эньяма, дарэчы, адзін з мацнейшых галкіпераў французскага першынства. Еўрапейцам у першым тайме відавочна бракавала астатніх вострых пасоў. Бадай, толькі жэўжык Мацье Вальбуэна выяўляў крэатыўнасць. У другой палове шматнацыянальны французскі легіён больш сур’ёзна ўзяўся за справу. Яго ціск узрастаў. Выхад сам на сам Карыма Бензема ліквідаваў Эньяма, якому істотна дапамог і Віктар Мозэс. Стрэл Ёана Кабая ў папярэчыну быў апошнім папераджальным званком. На 79-й хвіліне Поль Пагба падпільнаваў адскок і галавой пераправіў мяч у асірацелую брамку. Шанцаў адыграцца ў нігерыйцаў не было. А на 92-й хвіліне пад прэсінгам рэзервіста Антуана Грызмана няўдала зрэзаў мяч у сваю браму капітан афрыканцаў Джозэф Ёба. Гальскія „пеўні” перамаглі нігерыйскіх „арлоў”.

1/8-я фіналу. Францыя – Нігерыя – 2:0. Галы: Поль Пагба, 79, Джозэф Ёба, 91, аўтагол.

Лепшыя гульцы сустрэчы Мацье Вальбуэна і Вінсэнт Эньяма.

Рэванш праз 32 гады

Новаму пакаленню Германіі праз 32 гады ўдалося ўзяць рэванш у Алжыра за паразу на мундыялі 1982-га году. Яўхім Лёў крыху здзівіў выбарам стартавага складу, у якім апынуліся пераважна гульцы абарончых схільнасцяў. Алжырцы вельмі сімпатычна глядзеліся ў першым тайме, не дазваляючы супернікам амаль нічога. Пры тым магрыбцы арганізоўвалі талковыя контратакі. Балазе яшчэ для германцаў беспамылковым у выбары пазіцыі быў Мануэль Нойер. Пасля перапынку тэўтонцы, якім бракавала імправізацыі, высілкамі найперш Томаса Мюлера і Басцьяна Швайнштайгера сталі акрэсліваць германскую перавагу. Істотна ажывіў іх дзеянні і выхад галоднага да гульні Андрэ Шурле. Але бліскуча гуляў на браме Алжыра Раіс М’Балі. Для вызначэння пераможцы 90 хвілін гульнёвага часу не хапіла. У пачатку ж дадатковага Андрэ Шурле вывеў Германію наперад, замкнуўшы прастрэл Мюлера. І стала ясна, хто ідзе далей. Знясіленыя “лісы пустыні” прапусцілі на 120-й хвіліне яшчэ раз, калі Месут Ёзіл быў паслядоўным пры дабіванні. Алжырцы, якія заслужылі апладысменты, развіталіся з чэмпіянатам прыгожа – голам Абдэльмумена Джабу.

1/8 фіналу. Германія – Алжыр – 2:1. Галы: Андрэ Шурле, 92, Месут Ёзіл, 120; Джабу, 121.

Лепшыя гульцы сустрэчы Андрэ Шурле і Раіс М’Балі.

На гэтым бразільскі мундыяль развітваецца з прадстаўнікамі Афрыкі. Далучыцца ў гісторыі да кампаніі Камеруна (1990 год), Сенегала (2002) і Ганы (2010), якія выходзілі ў ¼-ю, нігерыйцы і алжырцы не змаглі.

Сёння на чэмпіянаце завяршаецца стадыя 1/8-й фіналу. Твар да твару сыдуцца вельмі цікавыя дружыны. Праграму дня адкрые матч у Сан-Паулу. Каманда Аргенціны лічыцца фаварытам у паядынку са Швайцарыяй, аднак “праглынуць” грымучую многанацыянальную сумесь пад крыжовым сцягам ёй будзе ня проста. Да ўсяго ў швайцарцаў разыграўся Джэрдан Шачыры, які патрабуе пільнай персанальнай апекі. Сваім парадкам еўрапейцам належыць нейтралізаваць Ліанэля Месі, які ўпарта цягне аргенцінцаў на вяршыню. Крыжакі ніколі не адольвалі Аргенціну у 6-ці ранейшых сустрэчах, а на сусветных форумах іх лёс зводзіў толькі аднойчы – у 1966-ым было 2:0 на карысць “нябесна-блакітных”. У аргенцінцаў не выступіць сёння траўмаваны зяць Марадоны Серхіё Агуэра.

Яшчэ дзе надзвычай мультынацыянальныя зборныя Бельгіі і ЗША сустрэнуцца ў Салвадоры. Агульны баланс спатканняў на карысць еўрапейцаў. Аднак, у адзіным матчы на мундыялі вікторыю святкавалі амерыканцы – 3:0. Праўда, было гэта страшна даўно – аж на першым чэмпіянаце 1930 году. Трэнеру бельгійцаў Марку Вільматсу баліць галава пра траўмаваных абаронцаў каманды. У стане зорна-паласатых па-ранейшаму праблемы са здароўем у тараннага форварда Джозі Алцідора. Аднак, ужо не выключана, што ў крытычны момант ён можа з’явіцца на полі.

Уладзімір Хільмановіч/Uladzimir Khilmanovich, Беларускае Радыё Рацыя