У дэбютным матчы Яблонскага „Арыс” прайграў АЕЛу



У паядынку 18-га тура чэмпіянату Кіпра „Арыс” на сваім полі пацярпеў паражэнне ад АЕЛа з лікам 1:2, паведамляе football.by. Беларускі паўабаронца Яўген Яблонскі дэбютаваў за свой новы клуб, выйшаўшы на замену на 81-й хвіліне. Пасля гэтага паядынку „Арыс” з Лімасола з 34 ачкамі займае другі радок у турнірнай табліцы. „Лёгкая брыгада”, як называюць гэты клуб заўзятары, адстаюць на чатыры ачкі ад землякоў з „Апалана”. Яны з’яўляюцца лідарамі турніру.

Мікіта Сцяпанаў працягне кар’еру ў „Іслачы”

25-гадовы абаронца „Іслачы” Мікіта Сцяпанаў падпісаў новы кантракт з „ваўкамі”, паведамляе прэс-служба каманды з Мінскага раёна. Пагадненне разлічана да канца лістапада 2023 года. Нагадаю, што Сцяпанаў стаў гульцом „Іслачы” летам мінулага года, пакінуўшы шэрагі гарадзенскага „Нёмана”. Ён стаў асноўным гульцом „ваўкоў” і правёў 13 матчаў, у якіх вызначыўся адным голам і адной перадачай. У кастрычніку заўзятары „ваўкоў” прызналі Мікіту MVP месяца.

Шкурын забіў гол у пераможным спарынгу кіеўскага „Дынама” супраць „Лудагорца”

Кіеўскае „Дынама” накіравалася на другі зімовы збор. Украінская каманда праводзіць яго ў Турцыі. Увогуле „бела-сінія” маюць намер правесці сем матчаў у рамках сёлетняга трэніровачнага лагера.

Спарынгавую праграму адкрыла гульня з балгарскім „Лудагорцам”, у якім кіеўляне выйгралі 4:1. Дынамаўскі форвард беларус Ілля Шкурын выйшаў на 46-й хвіліне і забіў гол на 74-й, зрабіўшы лік 4:0.

Ван дэ Бек афіцыйна перайшоў з „Манчэстэр Юнайтэд” у „Эвертан”

Паўабаронца зборнай Нідэрландаў па футболе Доні ван дэ Бек перайшоў з „Манчэстэр Юнайтэд” у „Эвертан” на правах арэнды да канца сезона, паведамляецца на афіцыйным сайце клуба з Ліверпуля.

Ван дэ Бек выступаў за „Манчэстэр Юнайтэд” з 2020 года. Ён перайшоў у англійскі клуб з „Аякса” за 39 мільёнаў еўра. У гэтым сезоне ён згуляў за клуб з чырвонай часткі Манчэстэра ў 14 матчах ва ўсіх турнірах і вызначыўся адным голам. Яго кантракт дзейнічае да чэрвеня 2025 года.

Качура працягне трэнерскую кар’еру ў Расеі

Беларускі спецыяліст Пётр Качура, які працаваў у трэнерскім штабе „Энергетыка-БДУ” з сярэдзіны 2020 года, працягне кар’еру ў Расеі. Такое паведамленне змяшчаецца на афіцыйным сайце менскага клуба.

Вядомы ў мінулым футбаліст, а цяпер трэнер працаўладкаваўся ў сістэме футбольнага клуба „Сочы”. „Леапарды” выступаюць у расійскай прэм’ер-лізе. Пётр Качура будзе займацца з юнакамі ў акадэміі гэтага клуба.

Партугальцы першымі выйшлі ў паўфінал Чэмпіяната Еўропы па міні-футболе

Зборная Партугаліі стала першым паўфіналістам чэмпіянату Еўропы па міні-футболе, які праходзіць у Нідэрландах. У стартавым паядынку чвэрцьфінальнай стадыі дзейныя чэмпіёны Старога Свету перамаглі дэбютанта кантынентальнага першынства каманду Фінляндыі з лікам 3:2. У паўфінале супернікам партугальцаў будзе пераможца  сустрэчы паміж зборнымі Іспаніі і Славакіі.

39-гадовы Яраслаў Масленікаў працягне кар’еру ў Металургу

Беларускі абаронца Яраслаў Масленікаў перайшоў у Металург, інфармуе прэс-служба клуба. Пагадненне паміж 39-гадовым хакеістам і „ваўкамі” разлічана да канца сезона. Сёлетні сезон абаронца пачынаў у Магілёве, дзе ў 44 матчах набраў шэсць (2+4) ачкоў пры 20 хвілінах штрафу і паказчыку карыснасці „-21”. Раней Яраслаў ужо выступаў за Металург з 2016-га па 2019 год, правёў 105 матчаў, закінуў 12 шайб і аддаў 14 галявых перадач. Масленікаў з’яўляецца ўсяго толькі адным з двух хакеістаў, якія правялі ў нацыянальным чэмпіянаце больш за 1000 матчаў. Таксама ён абараняў колеры маладзёжнай і нацыянальнай  зборных Беларусі на чэмпіянатах свету ў эліце.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]