У Гародні адменены запланаваны на 8—9 жніўня начны прабег



 У Гародні на няпэўны тэрмін перанесены традыцыйны прабег „Гродзенская бегавая дзясятка”, які павінен быў адбыцца позна ўвечары 8 жніўня і ў ноч на 9 жніўня. Яго арганізацыяй займаўся дырэктар мясцовага стадыёна „Нёман” Віктар Шумель.

Аб пераносе паведаміў у гарадзенскім бегавым Viber-чаце начальнік упраўлення спорту і турызму Гарадзенскага аблвыканкама Алег Андрэйчык. Гэта ўпраўленне — галоўны арганізатар забегу. Андрэйчык растлумачыў, што перанос адбыўся „ў сувязі з адменай масавых мерапрыемстваў”. Паводле яго слоў, найбліжэйшым часам прызначаць новую дату мерапрыемства.

На прабег зарэгістравалася каля 250 чалавек. Ён павінен быў прайсці ў Гародні пяты раз.

Напярэдадні стала вядома пра адмену 8 жніўня канцэртаў з удзелам расейскіх, украінскіх і беларускіх зорак па ўсёй Беларусі, анонсы якіх з’явіліся ў сацыяльных сетках за некалькі дзён да гэтага.

Раней дырэктар „Нёмана” накіраваў старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Міхаілу Орду адкрыты ліст з заклікам прытрымлівацца нейтралітэту на прэзідэнцкіх выбарах. Орда ўзначальваў ініцыятыўную групу па зборы подпісаў за вылучэнне Аляксандра Лукашэнкі кандыдатам у прэзідэнты, а цяпер з’яўляецца яго даверанай асобай.

belapan.by