У Лідзе стартаваў двухсуткавы ультрамарафон



У Лідзе праходзіць двухсуткавы ультрамарафон пад назваю “Самапераадоленне”. Удзельнікі забегу стартавалі ў трох дыстанцыях – на 12, 24 і 48 гадзін. Пры чым, менавіта ў забегу на двое сутак зарэгістравался найбольшая колькасць удзельнікаў. Нягледзячы на мароз і снежную завею, на старт выйшлі каля двух дзясяткаў атлетаў з Беларусі, Польшчы, Украіны, Расеі і Малдовы. Ідэя правядзення першага ў Беларусі ультрамарафона прыйшла да лідзяніна Лявона Анацка ўсяго паўгады таму, а на рэалізацыю ідэі і таго менш.

– З дапамогай нашых землякоў з Ліды мне гэта зрабіць удалося. Сказаць па-праўдзе, такія мерапрыемствы, якія мы зрабілі за 2 месяцы, рыхтуюць гадамі. Любая мара становіцца рэчаіснасцю, калі вельмі моцна хацець і калі рабіць кожны дзень хаця б па кроку. Тое ж самае як у тым марафоне. Галоўнае пачаць бегчы. Я жадаю ўсім, каб усё атрымалася так, як вы хочаце.

Фестываль ультрамарафона ў Лідзе будзе разбіты цягам году на тры этапы. Першы этап праходзіць у гэтыя дні, другі пройдзе 28 – 30 верасня, а трэці 29 – 31 снежня.

Лідзяне і госці горада ў гэтыя дні змогуць паназіраць за марафонскай гонкай у паркавай зоне па вуліцы Янкі Купалы. Фініш удзельнікаў ультрамарафона адбудзецца ў нядзелю а 12-й гадзіне.

Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара