У першым матчы „бронзавай серыі” „Сталіца” перамагла „БЧ”



У першым, хатнім, матчы за трэцяе месца „Макслайн – чэмпіянату Беларусі” па міні-футболе „Сталіца” перамагла „БЧ” з лікам 4:1. Сустрэча прайшла ў менскім Палацы спорту „Уручча”. Тарас Каралішын адзначыўся галявым дублем. Паядынак у адказ адбудзецца 12 чэрвеня ў Гомелі.

Экс-абаронца зборнай Беларусі Павел Чарнавок аднавіў кар’еру і з’едзе ў Еўропу

Абаронца Павел Чарнавок падпісаў кантракт з „Брыансанам”, які выступае ў мацнейшым чэмпіянаце Францыі. Габарытны гулец абароны узяў сабе 82-і нумар. Мінулы сезон Чарнавок прапусціў. Раней 33-гадовы хакеіст ужо выступаў у чэмпіянаце Францыі, абараняючы колеры „Ліёна”.

У актыве Чарнавока ёсць вопыт гульні ў КХЛ за менскае „Дынама”, а таксама два чэмпіянаты свету ў складзе зборнай Беларусі, адзначае belarushockey.com.

„Раўбічы” прэтэндуюць на правядзенне ЧС-2025 па біятлоне

Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту „Раўбічы” прэтэндуе на правядзенне чэмпіянату свету-2025 года па біятлоне. Такая інфармацыя размешчана ў афіцыйным запісе Міжнароднага саюза біятланістаў (IBU) у Instagram, паведамляе  БЕЛТА.

IBU абвясціў прэтэндэнтаў на права правядзення планетарных форумаў 2024 і 2025 гадоў. На галоўны турнір сусветнага біятлона ў 2024 годзе прэтэндуе чэшскае Нове-Места. Канкурэнты „Раўбічаў” у правядзенні ЧС-2025 – швейцарскі Ленцерхайдзе і зноў чэшскае Нове-Места. Канчатковае рашэнне будзе прынятае на 14-м чарговым кангрэсе IBU, які адбудзецца ў лістападзе ў Празе (Чэхія). Раней чэмпіянат свету па біятлоне праходзіў у „Раўбічах” у 1974, 1982 і 1990 гадах.

Памёр заслужаны трэнер Беларусі па кулявой стральбе Уладзімір Чайка

Пасля працяглай хваробы пайшоў з жыцця заслужаны трэнер Беларусі па кулявой стральбе Уладзімір Чайка, паведамілі ў прэс-службе НАК Беларусі. Уладзімір Чайка з’яўляецца адным з самых аўтарытэтных спецыялістаў па кулявой стральбе ў Беларусі, які з 1995 па 2015 год быў старшым трэнерам нацыянальнай каманды (у стральбе з пісталета). Пад яго кіраўніцтвам многія спартоўцы дасягнулі значных вынікаў на міжнароднай арэне. У тым ліку ён з’яўляўся асабістым трэнерам спартоўца-інструктара нацыянальнай каманды па стральбе кулявой, члена пастаяннай камісіі па справах спартоўцаў НАК Беларусі Вікторыі Чайкі. Менавіта пад кіраўніцтвам свайго бацькі Вікторыя стала чэмпіёнкай Еўропы-2010, прызёрам сусветных форумаў па стральбе з пнеўматычнага пісталета.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: sportnaviny.com