У Шэфілдзе знайшлі стары футбольны трафей



Неверагодныя рэчы часам можна знайсці… на ўласным гарышчы! Так адбылося напярэдадні ў ангельскім Шэфілдзе (Англія), горадзе з найстарэйшым футбольным клубам планеты (ФК „Шэфілд”). Знаходка, зрэшты, непасрэдна з гэтым клубам не звязаная. Пачнем з перадгісторыі. У 1882 годзе быў заснаваны Кубак малога выкліку шэфілдскай футбольнай асацыяцыі (у арыгінале The Sheffield Football Association Minor Challenge Cup). У першым фінале Кубка сустрэліся каманды клубаў „Хілі” і „Локвуд Бразэрс”, трафей здабылі рэзервісты „Хілі”, бо перамаглі 3:1.

У пэўны час трафей быў страчаны і ніхто не ведаў, дзе яго шукаць. Важнасць самога кубка для футбольных гісторыкаў відавочная: хай за яго змагаліся не самыя моцныя і вядомыя каманды, а ўсё ж гэта адна з найстарэйшых футбольных узнагародаў на Зямлі. Кубак нечакана адшукаў прадпрымальнік Дэвід Слэйтэр, уладальнік бібліятэкі ў Атэркліфе. У студзені 2018 года ён пачаў разбіраць рэчы на гарышчы ўласнага дома, дзе ў скрыні ляжаў кубак. Высветлілася, што кубак праляжаў на гарышчы каля 40 гадоў! Іронія ў тым, што апошнімі ўладальнікамі гэтага трафею, верагодна, былі гульцы ФК „Атэркліф”, дзе якраз і валодае бібліятэкай Слэйтэр. Сам прадпрымальнік раней гуляў у футбол прафесійна, выступаў за „Хадэрсфілд Таўн” і „Халэм”. Ён падазрае, што кубак знаходзіўся ў ягонага дзеда, які займаўся антыкварыятам, так і трапіў на гарышча хаты. Спачатку Дэвід выставіў трафей у сваёй бібліятэцы, а затым вырашыў падарыць яго ініцыятыве „Шэфілд — дом футболу”. Дэвід Слэйтэр так патлумачыў свой учынак:

„Я пазнаёміўся з удзельнікам ініцыятывы Джонам Уілсанам. Я люблю футбол і тую спадчыну, якую мы маем у Шэфілдзе. Першай справай, якую я зрабіў на пасадзе шэфа „Халэма” было ўсталяванне шыльдачкі каля поля „Сандыгейт”, якая пазначала, што гэта — найстарэйшая на планеце футбольная пляцоўка”.

Джон Уілсан таксама пракаментаваў для шэфілдскай газеты „Стар” нечаканую гістарычную знаходку:

„Гэта даволі каштоўны прыз. Бо „Хілі” — найстарэйшы касцёльны футбольны клуб. Ён папярэднічаў стварэнню пры касцёлах такіх вядомых сёння клубаў як „Сэлцік”, „Эвертан” і „Саўтхэмптан”. А „Локвуд Бразэрс” — найстарэйшая ў свеце каманда працоўнага класу. Я ў захапленні!”

Знойдзены Кубак малога выкліку шэфілдскай футбольнай асацыяцыі будзе адноўлены, яму нададуць бляск і выставяць у сядзібе кампаніі „Шэфілд — дом футболу”.

orshafans2.livejournal.com