УЕФА лічыць, што нацыянальныя чэмпіянаты павінны быць дагуляныя



УЕФА правёў онлайн-канферэнцыю з прадстаўнікамі 55 нацыянальных федэрацый. Бакі абмеркавалі сітуацыю вакол пандэміі каронавіруса, а таксама разгледзелі магчымасць завяршэння чэмпіянатаў. Было вырашана, што ўнутраныя чэмпіянаты павінны быць дагуляныя. Як адзначаецца, магчыма, гэта адбудзецца за кошт скарачэння наступнага сезону. УЕФА мае намер дапамагаць усем федэрацыям, каб выратаваць гэты сезон. Пры гэтым нацыянальныя асацыяцыі могуць самастойна прыняць рашэнне аб завяршэнні або працягу сезона. Адзіная ўмова – яны павінны ва ўстаноўленыя тэрміны паведаміць УЕФА пра сваё рашэнне і паведаміць, якія каманды будуць удзельнічаць у еўракубках.

Таксама УЕФА разглядае магчымасць правядзення пакінутых матчаў Лігі чэмпіёнаў і Лігі Еўропы без гледачоў. Саюз па-ранейшаму мае намер правесці еўракубкавыя матчы да пачатку наступных розыгрышаў, якія пры стандартным календары пачынаюцца летам з адборавых этапаў.

„Дынама” Берасце – „Славія”: гледачоў матча рассадзяць у шахматным парадку

Прэс-служба берасейскага „Дынама” паведаміла, што рассаджванне заўзятараў на матчы супраць „Славіі” будзе выканана ў шахматным парадку. Паядынак адбудзецца 4 красавіка ў 19.30. Шахматная рассадка дазволіць заўзятарам падчас гульні знаходзіцца на бяспечнай адлегласці адзін ад аднаго. Гэта з’яўляецца неад’емнай мерай прафілактыкі каронавіруснай інфекцыі, гаворыцца ў заяве.

А вось „ультрас” салігорскага „Шахцёра” заявілі аб тым, што прыпыняюць наведванне хатніх і выязных матчаў каханай каманды з-за распаўсюджвання каронавіруса і заклікалі ўсіх фанатаў краіны рушыць услед іх прыкладу.

Экс-гулец „Гомеля” і берасцейскага „Дынама” Нівалда пяройдзе ў „Белшыну”

Бразільскі нападнік Нівалда пяройдзе ў „Белшыну”. 31-гадовы форвард у хуткім часе павінен папоўніць склад бабруйчан, паколькі ФІФА зняла з клуба забарону на трансферы. У мінулым сезоне Нівалда бараніў колеры „Гомеля”. У 27 матчах вышэйшай лігі ён забіў тры галы і аддаў чатыры выніковыя перадачы.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя