Партугалія разграміла Швайцарыю ў матчы Лігі нацый.



Партугалія разграміла Швайцарыю ў матчы Лігі нацый.

На стадыёне „Жазэ Алваладэ” ў Лісабоне ў рамках 2-га тура Лігі нацый зборная Партугаліі прымала суперніка па Лізе А групе 2 – нацыянальную каманду Швайцарыі. Гаспадары святкавалі перамогу – 4:0. Лік быў адкрыты ў першым тайме. На 15-й хвіліне вызначыўся паўабаронца Вільям Карвалью. На 35-й хвіліне перавагу партугальцаў падвоіў Крышціяну Раналду, а праз чатыры хвіліны Раналду аформіў дубль. На 68-й хвіліне забіў абаронца Жаау Кансэлу. Зборная Чэхіі прымала нацыянальную каманду Іспаніі. Сустрэча завяршылася нічыйёй 2:2.
Ужо на 4-й хвіліне лік адкрыў паўабаронца зборнай Чэхіі Якуб Пешак. На 45-й хвіліне паўабаронца зборнай Іспаніі Гаві з перадачы Радрыга Эрнандэса аднавіў раўнавагу. Але на 66-й хвіліне Кухта зноў вывеў чэхаў наперад. І ўсё ж на 90-й хвіліне абаронца Іньіга Марцінэс прынёс іспанцам нічыю.

„Мінск” выйшаў наперад у бронзавай серыі чэмпіяната Беларусі па міні-футболе

Спартоўцы „Мінска” перамаглі гарадзенскі клуб „УУС-Дынама” 3:1 у першым паядынку серыі за бронзавыя ўзнагароды 33-га чэмпіянату Беларусі па міні-футболе. Гуляючы на сваёй пляцоўцы, менчукі мелі перавагу і здолелі тройчы адзначыцца, прычым усе галы забіў Арцём Зуёнак. Госці адказалі голам Аляксандра Шоты. Наступная сустрэча гэтых супернікаў адбудзецца 9 чэрвеня ў Гародні. Серыя за бронзу працягнецца да дзвюх перамог адной з каманд. Сёння ў Гомелі стартуе серыя за чэмпіёнскі тытул – спартоўцы ВРЗ прымуць гасцей са „Сталіцы”.

„Зеніт” ўпершыню стаў чэмпіёнам Адзінай лігі ВТБ

Баскетбалісты пецярбургскага „Зеніта” ўпершыню сталі пераможцамі Адзінай лігі ВТБ, адолеўшы ў фінальнай серыі 10-разовага чэмпіёна маскоўскі ЦСКА – 4:3. У сёмым, вырашальным паядынку залатой серыі на пляцоўцы маскоўскай арэны „Мегаспорт” госці з Санкт-Пецярбурга здолелі выйграць з лікам 81:75 і здабыць агульную перамогу. Цягам гэтай фінальнай серыі „Зеніт” саступаў 1:3, але здолеў святкаваць тры вікторыі запар і перапыніў гегемонію маскоўскіх армейцаў.

Надаль 14-ы раз выйграў адкрыты чэмпіянат Францыі па тэнісе.

Іспанскі тэнісіст Рафаэль Надаль 14-ы раз стаў пераможцам „Ралан Гарос”, перамогшы ў фінале нарвежца Каспера Рууда. Для 36-гадовага іспанца гэта 22-і чэмпіёнскі тытул на турнірах серыі „Вялікага шлема”.
Вырашальны паядынак французскага першынства Надаль правёў вельмі ўпэўнена і перамог у трох партыях, аддаўшы суперніку ўсяго 6 геймаў – 6:3, 6:3, 6:0. Матч працягваўся ўсяго 2 гадзіны 20 хвілін. Рафаэль Надаль 14-ы раз гуляў у фінале French Open і нязменна станавіўся пераможцам, што з’яўляецца рэкордам за ўсю больш чым стагадовую гісторыю гэтых спаборніцтваў.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]