Улады Воршы “забіваюць” паспяховыя віды спорту



Віды спорту, якія прыносілі гораду славу, забываюцца аршанскімі ўладамі. Апошнім часам з праблемамі сутыкнуўся веласпорт. З 1979 года пры стадыёне “Лакаматыў” працуе секцыя, якая выхавала нямала перспектыўных гоншчыкаў, напрыклад, Антона Лапшынава, Уладзіслава Палякова, а галоўнае – чэмпіёна свету ў групавой гонцы, пяціразовага чэмпіёна СССР Ігара Сумнікава, які цяпер працуе ў нацыянальнай камандзе Беларусі. 36 гадоў спраўнай працы цяпер скончаныя, на стадыёне “Лакаматыў” у Воршы цэны арэнды памяшканняў выстаўляе сталічны Культурна-спартовы цэнтр “Лакаматыў”, які прадстаўляе Менскую дыстанцыю чыгункі. Кіраўнік Культурна-спартовага цэнтра Аляксандр Кулага адзначае, што яго арганізацыя мае свае патрэбы і працуе з некалькімі спартовымі аб’ектамі. Супраць веласекцыі на стадыёне ў Воршы ён нічога не мае супраць, але запазычанасць за арэнду ўсё расце:

Так, наш цэнтр выстаўляе суму арэнды на стадыёне “Лакаматыў” у Воршы. Але супраць спартовых секцыяў, у прыватнасці, секцыі веласпорту мы нічога не маем, ведаем пра яе слаўныя традыцыі. Аднак зразумейце — дамова на арэнду таго памяшкання скончылася яшчэ ў канцы сакавіка 2015 года, а даўгі перад намі ідуць яшчэ з канца 2014-га года. На кастрычнік 2015-га запазычанасць дадзенай аршанскай веласекцыі перад намі перавышае ўжо 60 мільёнаў рублёў. Так пра што размова? Калі б нам заплацілі тое, што вінныя, была б іншая справа.

Такім чынам, пытанне стаіць пра тое, хто заплаціў бы гэтыя грошы, зразумела, што такога бюджэту ў самой секцыі не можа быць, а вось для горада, відаць, сума ў 60 мільёнаў не стала б вялікай праблемай, асабліва з улікам таго, што веласпорт рэгулярна прыносіць прызы. Аднак пакуль кіраўніцтва горада маўчыць. А пара было б пачуць адказы на пытанні ад людзей роўню старшыні райвыканкама Воршы Мікалая Лісоўскага і аднаго з ягоных намеснікаў Алега Смірноўскага, які, як паведамляе сайт Аршанскага райвыканкама, адказвае ў рэгіёне за фізкультуру, спорт і турызм.

А пакуль праблема не вырашана, веласекцыя шукае сабе іншае месца, дзе можна было б працягваць працу. Адзін з найбольш заслужаных трэнераў па веласпорце, з тых, якія працуюць у горадзе – Аляксандр Шайдараў не згодны са сцверджаннем пра тое, што ў аршанскім веласпорце “ўсё кепска”. Трэнер знакамітага Ігара Сумнікава, наадварот, кажа, што ніхто з адміністрацыі горада не перашкаджаў спартоўцам, проста было б добра, калі б дапамаглі секцыі фінансава, яна не патрабуе шмат сродкаў і пры гэтым выхоўвае майстроў спорту, гоншчыкаў для нацыянальнай зборнай Беларусі.

Не думайце, нашай секцыі не патрэбныя вялікія грошы і агромністыя памяшканні. Хапае і таго, што мы мелі на “Лакаматыве”, невялічкія распранальні, месца для ровараў і іх тэхнічнага абслугавання, велатрэнажоры. Хіба можна было б палепшыць ацяпленне на зімовы перыяд. А ў астатнім у нас усё было, у любым выпадку спартоўцы пераважна займаюцца на вуліцы, гэта ж веласпорт. Было б цудоўна, калі б секцыі дапамаглі, усё-ткі яна нязменна знаходзілася на “Лакаматыве” з 1979 года.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Але пакуль дапамогі няма, у памяшканні колішняй веласекцыі нядаўна праводзілі выставу сабак. Для параўнання адпраўляемся ў іншае месца. У Воршы ёсць яшчэ адна секцыя, яна знаходзіцца ў падвальным памяшканні аднаго з дамоў. Там таксама не скардзяцца на ўмовы, хаця яны даволі сціплыя. Трэнеры на сціпласць увагі не звяртаюць і кажуць, што галоўнае, каб нікуды не “высялялі” і дазвалялі спакойна рыхтаваць спартоўцаў. Патрэбы ў фінансавым і арганізацыйным плане тут таксама мінімальныя.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

У Андрэеўшчыне, што паблізу Воршы, знаходзіцца ўнікальная школа. Цяпер яна ўключана ў агульную з раённым цэнтрам нумарацыю і мае парадкавы № 23. Звычайная на першы погляд школа мае столькі знакамітых выпускнікоў, што мае права ганарыцца імі. У немалой ступені дзякуючы спорту. У ёй вучыліся ўдзельнікі Ўніверсіяды, адсюль паходзяць 3 майстры спорту па лёгкай атлетыцы, чальцы зборнай Беларусі. Напрыклад, Андрэй Казлоўскі стаў 3-м на Кубку Еўропы ў бегу на 400 метраў з бар’ерамі. Таксама ў школе вучыліся каля 10 майстроў спорту па веласпорце. Аляксандр Кучынскі шмат разоў быў чэмпіёнам Беларусі, у 2008 годзе прымаў удзел у Алімпійскіх гульнях у Пекіне, даўно ўваходзіць у лік вядучых гоншчыкаў краіны. Чэмпіёнка свету па велатрэку Таццяна Шаракова таксама выхоўвалася ў Андрэеўскай школе. Аднак гэтыя прозвішчы неўзабаве не будуць вядомыя нават вучням школы № 23. Справа ў тым, што пасля прыходу ў навучальную ўстанову дырэктара Алены Казловай са сцяны зніклі стэнды з прозвішчамі знакамітых спартоўцаў. Знакамітыя выпускнікі шакаваныя тым, што пра іх наўмысна забылі. Цяпер на месцы стэнда голыя сцены. Трэнер Шараковай і Кучынскага Любоў Нямкова са сваім вопытам, відаць, таксама мала патрэбная. Імя заслужанага трэнера Беларусі раней фігуравала ў мясцовай дзяржаўнай прэсе, цяпер оды змяніліся на маўчанне. І ці будуць на велабазе ў Андрэеўшчыне выхоўвацца таленавітыя атлеты далей, невядома.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Стаўленне да праслаўленых трэнераў у Воршы часта прахалоднае. Гэта яскрава дэманструе гісторыя з забароненым майстар-класам трэнера Ігара Камарова. Спецыяліста, які выхаваў мноства майстроў і чэмпіёнаў па дзюдо, хоць і парадаксальна гучыць, фактычна выгналі з гарадской секцыі ў нацыянальную каманду краіны. Трэнер пайшоў на канфлікт са спартовымі кіраўнікамі, і неўзабаве адрынутага ў Воршы трэнера ўзялі працаваць у нацыянальную зборную. Потым, прыехаўшы ў родную Воршу даць майстар-клас маладым дзюдаістам, Ігар Камароў сутыкнуўся з дзіўнай рэакцыяй: яго не пусцілі ў залу да спартоўцаў. А начальнік аддзелу адукацыі, спорту і турызму Аршанскага райвыканкама Андрэй Загурскі кінуў фразу, якая становіцца крылатай у спартовых колах Воршы: “сучасны падыход да дзюдо гораду не патрэбны”. Пра сапраўднасць гэтых словаў і недопуск Ігара Камарова ў залу, дзе ён працаваў доўгія гады, сведчаць удзельнікі той гісторыі. Яны робяць гэта пры гарантыі поўнай ананімнасці, бо некаторыя дагэтуль працуюць у спартовай і адукацыйнай сферы горада і раёна. Ананімнасць — адзінае выйсце, кажуць яны, бо ў аршанскіх уладаў даўно ўвайшло ў моду распраўляцца з “няправільнымі” людзьмі, звальняць нязгодных з працы і чыніць ім іншыя перашкоды.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

  • Anonim

    я асабова знаемы з Шайдаравым,Нямковай,Сумнікавым .пра гэты выпадак можна сказать з упзўненасцю ,што не усе так адназначна як напісана ў стацце.гыта толькі выннік,і каб разумець сэнс трэба ведаць з чаго складдаецца

Комментарии для сайта Cackle