Уладзімір Журавель застаецца галоўным трэнерам берасцейскага „Дынама”



Галоўны трэнер футбалістаў берасцейскага „Дынама” Уладзімір Журавель прадоўжыць работу на гэтай пасадзе, з’яўленне ў камандзе Аляксандра Глеба з’яўляецца ўсяго толькі чуткамі. Аб гэтым расказалі кіраўнікі клуба на сустрэчы з журналістамі.

Уладзімір Журавель адзначыў, што ўчарашняе паражэнне ад аўстрыйскага „Альтаха” ў кваліфікацыі Лігі Еўропы (0:3) вельмі расстроіла. Тым не менш сезон прадаўжаецца, і цяпер каманда рыхтуецца да матчу 1/8 фіналу Кубка Беларусі супраць футбалістаў „Гомеля”, які адбудзецца 23 ліпеня ў Берасці. Настаўнік берасцейцаў таксама сказаў, што інфармацыя аб перагаворах з Аляксандрам Глебам наконт яго пераходу ў склад берасцейцаў не адпавядае рэчаіснасці, гэта ўсё чыесьці домыслы. Уладзімір Журавель падкрэсліў, што ўсе рашэнні па камплектаванні каманды прымаюцца сумесна са спартыўным дырэктарам клуба Сяргеем Кавальчуком, з якім у іх поўнае ўзаемаразуменне і давер. Зусім нядаўна берасцейскую каманду папоўнілі адразу некалькі вопытных ігракоў, сярод якіх самы вядомы выхаванец менскай школы „Змена” нападаючы Арцём Мілеўскі, які доўгія гады выступаў за кіеўскае „Дынама” і зборную Украіны. Акрамя таго, у Берасце з расейскага „Арэнбурга” пераехаў паўабаронца зборнай Беларусі Павел Няхайчык, бразільскі форвард Нівалда, які выступаў у першым крузе чэмпіянату Беларусі за „Гомель”, з менскага „Дынама” ў родны горад вярнуўся паўабаронца Кірыл Прамудраў, з ФК „Мінск” прыйшоў абаронца Алег Вераціла.

Як расказаў Сяргей Кавальчук, працэс фарміравання каманды не спыняецца: нехта прыходзіць, нехта наадроват. Так, каманду пакінулі Дзмітрый Мазалеўскі, Максім Чыж і Дзмітрый Герман, які перабраўся ў літоўскі „Атлантас” з Клайпеды, завяршыў гульнявую кар’еру Аляксандр Дзямешка, які будзе працаваць у клубнай футбольнай акадэміі. Акрамя таго, саветнікам спартыўнага дырэктара стаў нідэрландскі спецыяліст Лявон Янсен.

У гэтым сезоне футбалісты берасцейскага „Дынама” сталі ўладальнікамі Кубка Беларусі, што дало магчымасць ім выступіць у Лізе Еўропы. У чэмпіянаце Беларусі берасцейцы гуляюць так сабе, займаючы пасля першага круга толькі 10-е месца, набраўшы ў 15 праведзеных матчах 18 ачкоў (4 перамогі, 6 нічыіх, 5 паражэнняў; розніца мячоў – 17-17). У лідара першынства салігорскага „Шахцёра” 38 заліковых балаў.

belta.by