Уладзіслаў Міхальчук набраў пятае ачко ў ECHL
„Уілінг Нэйлерз” нанеслі паразу „Інды Фьюэл” у хатнім матчы рэгулярнага чэмпіянату ECHL з лікам 3:1. Беларускі форвард гаспадароў Уладзіслаў Міхальчук вызначыўся выніковай перадачай пры пераможным узяцці брамкі.
Усяго ў гэтым сезоне ў актыве нападніка 5 (2+3) ачкоў у 19 матчах пры паказчыку карыснасці 0.
Каля 250 юных байдарачнікаў і канаістаў паспаборнічаюць на турніры ў Берасці
У Берасці стартуюць адкрытыя рэспубліканскія спаборніцтвы па веславанні. Турнір будзе доўжыцца па 16 красавіка. За ўзнагароды пазмагаюцца амаль 250 юнакоў і дзяўчат 2003-2004 гадоў нараджэння з усіх абласцей і Менска.
Новак Джокавіч саступіў 33-й ракетцы свету на турніры ў Монтэ-Карла
Брытанскі тэнісіст Дэніэл Эванс (33 АТП) у матчы 3-га круга турніру ў Монтэ-Карла (Манака) у двух сэтах абыграў першую ракетку свету, серба Новака Джокавіча – 6:4, 7:5. Супернікі правялі на корце дзве гадзiны i чатыры хвіліны. Наступным супернікам Эванса стане бельгіец Давід Гоф, які быў мацней за немца Аляксандра Зверава.
„Формула-1” можа правесці гонку ў Маямі ў 2022 годзе
У Маямі адбылося пасяджэнне гарадской камісіі, на якім абмяркоўваўся план правядзення этапу „Формулы-1” у горадзе, паведамляе Motorsport Week. Камісія ўхваліла план правядзення „Гран-пры”. Паведамляецца, што першая гонка ў Маямі можа адбыцца ў траўні 2022 года. Трасу плануецца размясціць побач са стадыёнам каманды НФЛ „Маямі Долфінс”. У сезоне-2021 „Формулы-1” прысутнічае адна гонка на тэрыторыі ЗША, яна павінна адбыцца ў Осціне 24 кастрычніка. Кіраўніцтва „Каралеўскіх гонак” плануе праводзіць два этапы за сезон у Штатах.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
Фото: hockey.by
