Уладзіслаў Міхальчук закінуў адну з шайб у Матчы зорак ECHL



У Джэксанвіле прайшоў зорны ўік-энд ECHL, у якім прыняў удзел і беларускі хакеіст. Уладзіслаў Міхальчук выступаў за каманду „Джэксанвіль Айсмен”, якая і стала супернікам зборнай зорак ECHL у шоў-паядынку. Перамогу ў Матчы зорак ECHL святкавала зборная зорак з лікам 14:7. Чацвёртую шайбу „Джэксанвіля” закінуў беларускі нападнік Уладзіслаў Міхальчук, які рэалізаваў штрафны кідок. Па выніках сустрэчы ў яго 6 кідкоў і паказчык карыснасці -3. У гэтым сезоне Міхальчук правёў 18 матчаў, зарабіўшы 15 (7+8) ачкоў.

Арына Сабаленка выйшла ў 1/32 фіналу „Australian Open”

Арына Сабаленка (2-гі нумар рэйтынгу ВТА) выйшла ў 1/32 фіналу „Australian Open”. У 1/64 фіналу беларуска перайграла прадстаўніцу Аўстраліі Сторм Сандэрс (128 ВТА) — 5:7, 6:3, 6:2. У другім раундзе саперніцай Сабаленкі будзе кітаянка Ван Сінь Ю (100 ВТА). Сустрэча адбудзецца раніцай 20 студзеня.

Аляксандр Мартыновіч пакіне „Краснадар” пасля заканчэння сезона

Беларускі абаронца „Краснадара” Аляксандр Мартыновіч пакіне клуб пасля фінішу сезона. Бакі не плануюць працягваць кантрактную дамову, тэрмін дзеяння якой заканчваецца сёлета. 34-гадовы абаронца разважае над завяршэннем кар’еры. Калі футбаліст зборнай Беларусі прыме рашэнне павесіць буцы на цвік, існуе імавернасць, што „Краснадар” можа прапанаваць яму пасаду ў клубе.

Ціма Маер закінуў пяць шайб у матчы НХЛ

Форвард „Сан-Хасэ Шаркс” Ціма Маер закінуў пяць шайб у матчы Нацыянальнай хакейнай лігі супраць „Лос-Анджэлеса”. Гульня скончылася з лікам 6:2 на карысць яго каманды. Швейцарскі нападнік – толькі пяты гулец у XXI стагоддзі, каму скарылася дадзенае дасягненне. Раней пента-трык за гульню афармлялі славак Марыян Габорык (2007 год), фін Патрык Лайнэ (2018) і шведы Юхан Франзэн (2011) і Міка Зібанежад (2020). Цікава, што ўсе пяцёра – еўрапейцы.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]