Урад падвысіў зарплаты спартсменам і трэнерам



Урад падвысіў зарплаты спартсменам, трэнерам і іншым спецыялістам нацыянальных спартыўных каманд. Пастановай Савета міністраў ад 18 студзеня № 42 ім павялічаны памер павышэння тарыфнай стаўкі (аклада) у сярэднім з 85 да 300%.

Як патлумачыла прэс-служба ўрада, дакумент прыняты ў мэтах выканання даручэнняў кіраўніка дзяржавы, дадзеных 30 мая 2017 года на Алімпійскім сходзе Нацыянальнага камітэта Беларусі.

„Названыя меры ў цэлым дадуць магчымасць падвысіць ровень заработнай платы спартсменам, трэнерам і іншым спецыялістам нацыянальных каманд Беларусі па відах спорту ў сярэднім на 80%, або на 490,76 рубля ў месяц”, — адзначылі ва ўрадзе.

Канкрэтны памер падвышэння тарыфных ставак (акладаў) устанаўліваецца Міністэрствам спорту і турызму.

„Спорт — найважнейшая галіна народнай гаспадаркі. Яна павінна працаваць з карысцю і прыносіць вынік. Мы не настолькі багатыя, каб бяздумна марнаваць грошы. Сітуацыя патрабуе дзеянняў па ўдасканаленні гэтай сферы, выкараненні негатыўных фактараў, якія перашкаджаюць эфектыўнаму выкарыстанню сродкаў”, — заявіў на Алімпійскім сходзе кіраўнік дзяржавы.

Ён канстатаваў, што для спартсменаў у Беларусі робіцца ўсё неабходнае, але належнай аддачы няма, у галіне па-ранейшаму не вырашаны шэраг значных пытанняў. „Спорт як найважнейшы ідэалагічны інструмент дзяржаўнай палітыкі так і не стаў для беларусаў крыніцай нацыянальнага гонару і натхнення”, — заявіў Лукашэнка.

belapan.by