US Open: Арына Сабаленка выбыла з адзіночнага турніру



Матч 4-га кругу адкрытага чэмпіянату ЗША па тэнісе паміж беларускай Арынай Сабаленкай (20-я ракетка свету) і прадстаўніцай Японіі Наомі Осакай (19-я) выдаўся вельмі напружаным.

У першай партыі пасля ліку 2:2 ініцыятыву трывала захапіла Осака і давяла сет да свайго выйгрышу – 6:3. У другой сітуацыя перамянілася і Сабаленка ўпэўнена ўзяла сваё – 6:2.

Найбольш зацятай стала трэцяя партыя. Сабаленка гуляла вастрэй, але дапускала памылкі ў простых сітуацыях. Осака „перабівалася” больш надзейна. Урэшце беларуска не вытрымала псіхалагічна, у тым ліку на яе ціснулі і трыбуны, якія выразна падтрымлівалі Осаку. Сабаленка некалькі разоў „завісала” на сваёй падачы. У канцоўцы Арына гераічна адыгралася ажно з ліку 0:40 (трайны матч-бол!), выйшла наперад, але ўслед нарабіла чараду недарэчнасцяў. Сустрэча завяршылася двайной прыкрай памылкай беларускі – 4:6 у сеце і агульная параза ў матчы.

Тым не менш выступ Сабаленкі на US Open трэба расцаніць як вельмі паспяховы – упершыню ў сваёй кар’еры на турніры з серыі Grand Slem яна прайшла так далёка.

Беларускае Радыё Рацыя