Успаміны пра беларускі футбол



У Менску выйшла з друку кніга ўспамінаў “Футбол. Гісторыя мінулага веку”. Яе аўтарам з’яўляецца былы футбаліст менскага “Тарпеда” Алесь Клышка.

Прадмову да кнігі напісаў вядомы журналіст Уладзімір Глод, які шмат гадоў адпрацаваў у газеце “Фізкультурнік Беларусі” і Радыё Свабода. Сваю прадмову Уладзімір Глод назваў “55 год таму, як гэта было”.

У кнігу Алесь Клышка ўключыў гутаркі і ўспаміны пра футбол сваёй маладосці, пра тых футбалістаў і трэнераў, якія ўласны лёс звязалі з беларускім футболам.

Кніга прыгожа аформлена і аздоблена шматлікімі фотаздымкамі футбола мінулага стагоддзя. Дарэчы, аўтар кнігі Алесь Клышка не толькі былы футбаліст, але ён з’яўляецца кандыдатам тэхнічных навук, пісьменнікам. Разам з паэтам Зьнічом ён выдаў некалькі кніг-гутарак пра Жыровічы. Алесь Клышка напісаў шмат зборнікаў паэзіі, успамінаў пра сямейны архіў “Менская зямля” і многія іншыя.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя