Узяў старт 27-ы футбольны чэмпіянат Беларусі



1-ы тур новага футбольнага першынства краіны не прынёс асаблівых нечаканасцяў. У суботу прайшло 6 матчаў, яшчэ два адбыліся ў нядзелю. Найбольш вясёлым выдаўся матч паміж ФК “Мінск” і берасцейскім “Дынамам”, які завяршыўся выніковай нічыёй – 2:2. Берасцейцы – адны з фаварытаў гэтага першынства, а юная каманда Георгія Кандрацьева таксама павінна парадаваць сваіх заўзятараў.

У Наваполацку мясцовы “Нафтан” пад самы канец сустрэчы прапусціў з пенальці і саступіў “Слуцку” – 0:1. З такім жа лікам 0:1 “Гарадзея” на сваім полі прайграла салігорскаму “Шахцёру”. Адзіны мяч у гэтай гульні таксама з пенальці забіў казахстанскі легіянер Сяргей Хіжнічэнка.

Чэмпіён краіны барысаўскі БАТЭ гасцяваў у Гомелі. Ужо ў самым дэбюце быў зафіксаваны аўтагол гаспадароў поля. Далей БАТЭ не змог павялічыць сваю перавагу і такі мінімалізм абярнуўся для яго стратай пунктаў – на 84-й хвіліне гомельскі футбаліст Яўген Барсукоў эфектным стрэлам параўняў лік. Гэта быў яго першы гол у вышэйшай лізе. У выніку мір – 1:1.

Жодзінскае “Тарпеда” дасягнула валявой вікторыі над “Іслаччу” – 2:1. На 2-й хвіліне лік адкрылі госці – вызначыўся ветэран Генадзь Блізнюк. На 51-й жодзінскі легіянер-дэбютант Камо Аганесян параўняў лічбы на табло. А пад самы канец форвард Аляксандар Макась (яго 20-ы гол у вышэйшай лізе) прынёс свята мясцовым заўзятарам.

Найбольш пераканаўча ў першым туры выступіла менскае “Дынама”. Каманда Сяргея Бароўскага разграміла ў Магілёве мясцовае “Дняпро” – 3:0. Мячы на рахунку ўкраінца Аляксандра Наёка, Арцёма Быкава і Уладзіміра Хвашчынскага.

У нядзелю бляклы і шэры матч выдалі ў Гародні “Нёман” з мазырскай “Славіяй” – 0:0. Уваход на стадыён быў вольны, але наступны раз на такі футбол заўзятары могуць не пайсці нават задарма.

Завяршалі тур менскія “Крумкачы”, якія прымалі “Віцебск”. На 41-й хвіліне ў гаспадароў вызначыўся ўкраінскі абаронец Міхаіл Калугін. Сустрэча так і завяршылася з лікам 1:0 на карысць „груганоў”.

Беларускае Радыё Рацыя