Вадзім Жук: Бразільцы павінны ісці на рызыку



Сёння на чэмпіянаце свету па футболе ў матчы паміж зборнымі Бразіліі і Галандыі вырашыцца пытанне “бронзы”, а заўтра стане вядома імя новага чэмпіёна. У каго больш шанцаў? Ці рэабілітуюцца бразільцы ў вачах сваіх заўзятараў пасля разгрому ад каманды Нямеччыны? Ці могуць суддзі сапсаваць фіналы? Пра гэта нашаму карэспандэнту расказвае суддзя міжнароднай катэгорыі Вадзім ЖУК.

РР: У фінальным матчы сустрэнуцца Нямеччына і Аргенціна. Наколькі, на Ваш погляд, справядліва, што менавіта гэтыя каманды будуць аспрэчваць “золата”?

Вадзім Жук: Усё справядліва – абедзве зборныя называлі фаварытамі турніра яшчэ да пачатку першынства. Пра Нямеччыну наогул няма чаго казаць, бо свет пабачыў, што немцы зрабілі з гаспадарамі чэмпіяната ў паўфінале. А Аргенціна, хоць і праз пенальці, ў паўфінальнай гульні дайшла да фінала, але ж каманда таксама – моцны арэшак. Вы паглядзіце, якая ў аргенцінцаў насычаная бездакорная абарона. Аргенціна – гэта не толькі Месі.

РР: Бразільцы рэабілітуюцца перад сваімі заўзятарамі ў “малым фінале”?

Вадзім Жук: Упэўнены, што яны зробяць для гэтага ўсё магчымае, бо ў адваротным выпадку будзе катастрофа. Іншага выйсця ў бразільцаў проста няма. Нягледзячы на адсутнасць Неймара, трэнеры будуць нешта прыдумваць новае ў тактычных пабудовах, і Бразілія, як мне падаецца, пойдзе ў атаку. Матч абяцае быць цікавым, улічваючы тое, што мы ведаем, як добра гуляе Галандыя на контратаках. Робен – як хуткасны цягнік.

РР: Акрамя “хачу” ёсць яшчэ слова “магу”. Ці зможа Бразілія перамагчы зусім не слабую каманду Галандыі?

Вадзім Жук: Выканаўцы ў Бразіліі ёсць, але шмат яшчэ будзе залежыць і ад таго, якую тактычную схему выбярэ трэнер Скалары. Як я ўжо казаў, бразільцы павінны ісці на рызыку, яны самі сябе загналі ў такое становішча. Трэба яшчэ адзначыць, што адбыў дыскваліфікацыю Сілва, а гэта вялікая дапамога абароне. Дадайце сюды вялізную падтрымку заўзятараў… Мне здаецца, што бразільцы выйграюць, хоць зрабіць гэта будзе складана.

РР: А фінал можаце спрагназаваць?

Вадзім Жук: Перш-наперш скажу, што ў фінале такой гульні, як з Бразіліяй, у Нямеччыны не атрымаецца. Будзе вельмі складаны матч, хутчэй за ўсё, каманды будуць дзейнічаць ад абароны да контратак.

РР: Ці могуць суддзі паўплываць на вынікі матчаў?

Вадзім Жук: Фінал будзе судзіць італьянец Рыцолі, вельмі дасведчаны арбітр. У мінулым годзе ён абслугоўваў фінальны матч Лігі чэмпіёнаў паміж “Баварыяй” і “Барусіяй”. Я ведаў, што на фінал прызначаць еўрапейца, бо суддзі з Еўропы – самыя кваліфікаваныя і моцныя на турніры. Гульню за “бронзу” будзе судзіць алжырац, але ён таксама вопытны, таму арбітры не павінны сапсаваць свята нейкімі сур’ёзнымі памылкамі. Зразумела, што фіналы – гэта заўсёды эмоцыі, напружанне, а суадносна і сілавая барацьба, але грубасць, думаю, будзе высякацца на корані. Ды і самі футбалісты будуць у гэтым плане асцярожнічаць. Пакінуць каманду ў меншасці ў такі адказны момант – гэта не даруюць. Так што ў гэтых матчах усё будзе залежыць у першую чаргу ад саміх каманд.

Кастусь Забоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара