Валейбалісткі „Мінчанкі” стартуюць у Лізе чэмпіёнаў



У валейбалістак „Мінчанкі” 21 лістапада – першы матч у групавой стадыі Лігі чэмпіёнаў.

Супернікам беларускай каманды, якая ўпершыню ў гісторыі выступіць у асноўным раўндзе прэстыжнага клубнага турніру, стане французскі „Расінг” з горада Каны. Выязны матч пачнецца ў 22.00, тэлеканал „Беларусь 5” правядзе прамую трансляцыю гульні.

Перад першым турам падапечныя Віктара Ганчарова згулялі два матчы ў расейскай суперлізе з маскоўскім „Дынама” (2:3) і казанскім „Дынама” (0:3). Праведзеныя паядынкі з гэтымі камандамі, якія з’яўляюцца лідарамі ў еўрапейскім жаночым валейболе, сталі добрай падрыхтоўкай перад дэбютам у Лізе чэмпіёнаў.

Склад „Мінчанкі”, як адзначылі ў трэнерскім штабе, блізкі да аптымальнага. У Менску засталася толькі Ганна Грышкевіч, якая прапусціла паядынак другога тура чэмпіянату Расеі ў Казані па медыцынскіх паказаннях. Без асноўнай даігроўшчыцы беларускам будзе складана спраўляцца з прыёмам мяча.

У складзе „Расінга” шмат ігракоў, якія маюць вялікі вопыт выступленняў у Лізе чэмпіёнаў. Каманда перамагала ў самым прэстыжным клубным турніры ў 2002 і 2003 гадах. Доўгія гады поспехі 20-разовага чэмпіёна Францыі былі звязаны з імем кітайскага трэнера Ян Фаня і нападаючай Вікторыі Равы. Цяперашні настаўнік французскага клуба італьянец Рыкарда Марчэзі зрабіў стаўку на інтэрнацыянальны калектыў, здольны, на думку многіх спецыялістаў, вярнуць былую славу „Расінгу”.

У другім туры Лігі чэмпіёнаў у групе В 19 снежня „Мінчанка” ў спарткомплексе „Уручча” прыме італьянскую „Навару”, а ў студзені згуляе на выездзе супраць польскага клуба „Будаўляні” з Лодзі. Групавы этап Лігі чэмпіёнаў завершыцца 26 лютага. Пераможцы груп і тры лепшыя каманды, якія занялі другія месцы, выступяць у плэй-оф турніру.

belta.by