Валейбалісткі зборнай Беларусі перамаглі Венгрыю ў матчы групавой стадыі ЧЕ



Валейбалісткі зборнай Беларусі перамаглі зборную Венгрыі ў матчы групавой стадыі чэмпіянату Еўропы з лікам 3:2. Лёс паядынку вырашаўся на тай-брэйку. У гэтай валейбольнай латарэі свой шчаслівы білет выцягнулі беларускі. Пасля гэтага выніку ў зборнай Беларусі пакуль трэцяе месца, 6 ачкоў пасля 4 матчаў, у Харватыі 12 ачкоў, Італія мае ​​9 балаў пасля 3 гульняў. Заключны матч на групавой стадыі кантынентальнага форуму беларускі згуляюць з камандай Славакіі сёння, 26 жніўня. Пачатак у 18 гадзін.

Беларуская тэнісістка Юлія Гатоўка выйшла ў 2-й круг кваліфікацыі US Open

Беларуская тэнісістка Юлія Гатоўка, якая мае 249-ы нумар сусветнага рэйтынгу, перамагла на старце кваліфікацыйнага этапу адкрытага чэмпіянату ЗША па тэнісе. 21-гадовая беларуска сустракалася з 240-й ракеткай планеты французскай тэнісісткай Джэсікай Поншэ і крыху больш чым за гадзіну выйграла ў двух партыях – 6:2, 6:3. Наступнай суперніцай Юліі Гатоўкі будзе 95-я у сусветым рэйтынгу егіпцянка Маяр Шэрыф.

Хакеісты менскага „Дынама” перамаглі ў апошнім спарынгу перад стартам сезона КХЛ

Хакеісты менскага „Дынама” святкавалі валявую вікторыю ў апошнім перадсезонным кантрольным матчы. У Даўгаўпілсе „зубры” перамаглі ў авертайме хакеістаў рыжскага „Дынама” з лікам 3:2. У складзе беларускай каманды закінутымі шайбамі адзначыліся Тайлар Граовак, Тэйлар Бек і Раман Гарбуноў. Новы сезон Кантынентальнай хакейнай лігі стартуе ў пачатку восені.

Сядзько прызнаны найлепшым гульцом 20-га тура

Павел Сядзько прызнаны найлепшым гульцом 20-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі. У пераможным хатнім паядынку з жодзінскім „Тарпеда-БелАЗ” капітан берасцейскага „Дынама” быў адным з лідараў каманды, забіўшы два галы. Усяго на рахунку 23-гадовага паўабаронцы берасцейскіх дынамаўцаў 7 забітых мячоў.

«Шэрыф» – першы клуб з Малдовы, які прайшоў у групавы этап Лігі чэмпіёнаў

У матчы ў адказ раўнда плэй-оф кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў УЕФА загрэбскае «Дынама» прымала «Шэрыф». Гульня, якая прайшла на стадыёне «Максімір» у Заграбе, завяршылася нічыёй з лікам 0:0. У першай сустрэчы «Шэрыф» святкаваў разгромную перамогу з лікам 3:0. Такім чынам, «Шэрыф» стаў першым клубам з Малдовы, які выйшаў у групавы этап Лігі чэмпіёнаў УЕФА. Данецкі «Шахцёр» згуляў унічыю з «Манака» на стадыёне «Металіст» ў Харкаве 2:2. Першая гульня адбылася ў Манака і завяршылася перамогай данецкай каманды з лікам 1:0. Па суме дзвюх сустрэч у групавы этап турніру выйшла ўкраінская каманда. Таксама «Рэд Бул Зальцбург» прабіўся ў групавы этап Лігі чэмпіёнаў, абыграўшы «Брондбю» з лікам 2:1. Першая сустрэча каманд завяршылася перамогай «Рэд Бул Зальцбург» з такім жа лікам.

„Баварыя” не пакінула каменя на камені ад „Брэмера” у Кубку Германіі

Чэмпіён Германіі „Баварыя” з Мюнхена з лікам 12:0 абыграла „Брэмер” ў матчы 1/32 фіналу кубка краіны па футболе. 4 мяча забіў камерунскі нападнік баварцаў Эрык Шупо-Матынг. Сустрэча прайшла ў Брэмене. „Брэмер” выступае ў Оберлізе Брэмена – гэта пяты ўзровень у сістэме футбольных ліг Германіі. Хет-трык Абамеянга дапамог «Арсеналу» разграміць «Вест Бромвіч» у матчы Кубка лігі з лікам 6:0.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя