Валейбалісткі зборнай Беларусі перамаглі эстонак
Валейбалісткі зборнай Беларусі выйгралі ў эстонак ў стартавым матчы адбору да чэмпіянату Еўропы ў групе А, з лікам 3:0.
Самай выніковай у складзе беларускай зборнай стала яе капітан Таццяна Маркевіч. На рахунку валейбалісткі, якая нядаўна працягнула кантракт са сталічнай „Мінчанкай” – 13 ачкоў. У наступным матчы ў групе А беларускі 12 траўня згуляюць супраць дружыны Швейцарыі.
Аляксандр Карачун пакінуў „Дзюсэльдорф”
Беларускі нападнік Аляксандр Карачун пакінуў хакейны клуб „Дзюсэльдорф”. Клуб прапаноўваў форварду новы кантракт, але Аляксандр прыняў рашэнне працягнуць кар’еру ў іншым клубе.
„Ён пераканаў нас у сваім класе і цалкам апраўдаў нашы чаканні. Але, на жаль, ён вырашыў сысці, і мы павінны прыняць гэтае рашэнне”, – распавёў спартовы менеджар „Дзюсельдорфа” Нікі Мондт.
У мінулым сезоне Карачун правёў за „Дзюсэльдорф” 36 матчаў у чэмпіянаце Нямеччыны, у якіх набраў 17 (7 + 10) ачкоў пры 26 хвілінах штрафу і паказчыку карыснасці „+8”. Раней Карачун выступаў у эліце нямецкага хакея за „Вольфсбург”, а таксама за „Хайльбронэр”, „Фрайбург”, „Айспіратэн” і „Касэль” у другой лізе.
Афіцыйны сайт НХЛ не ўключыў Ягора Шаранговіча ў лік прэтэндэнтаў на прыз лепшага пачаткоўцу сезону
Беларускі форвард „Нью-Джэрсі” Ягор Шаранговіч не трапіў у спіс прэтэндэнтаў на „Колдэр Трофі”, прыз лепшаму пачаткоўцу сезона ў НХЛ, па версіі афіцыйнага сайта лігі. У дэбютным сезоне ў Нацыянальнай хакейнай лізе Шаранговіч набраў 29 (16 + 13) ачкоў у 53 матчах. Аглядальнікі партала лігі ўключылі ў спіс форварда „Мінесоты” Кірыла Капрызава, які набраў 51 бал у 54 матчах, нападніка „Даласа” Джэйсана Роберцана (43 ачкі ў 50 матчах), а таксама галкіпераў Ігара Шасцёркіна з „Рэйнджэрс” і Алекса Недзельковіча з „Караліны” .
Уладальніка «Колдэр Трофі” вызначае Асацыяцыя хакейных журналістаў.
Ігар Стасевіч выбыў на 2-3 тыдні з-за траўмы
Хаўбек салігорскага „Шахцёра” Ігар Стасевіч прапусціць 2-3 тыдні з-за траўмы. Паўабаронца на адзінаццатай хвіліне матчу супраць БАТЭ пашкодзіў заднюю паверхню сцягна і быў заменены, адзначае by.tribuna.com. У гэтым сезоне Стасевіч правёў сем матчаў у вышэйшай лізе і выніковымі дзеяннямі ня вызначыўся.
„Манчэстар Юнайтэд” аб’явіў пра працяг кантракта з Кавані
„Манчэстар Юнайтэд” працягнуў кантракт з нападнікам Эдзінсанам Кавані. Прэс-служба клуба паведамляе, што тэрмін дамовы з 34-гадовым форвардам цяпер разлічаны да чэрвеня 2022 года. У гэтым сезоне уругваец правёў 23 матчы ў АПЛ, забіў 9 галоў і зрабіў дзве выніковыя перадачы.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: VC MINSK
