Валейбалісты салігорскага „Шахцёра” выйгралі Кубак Беларусі



Валейбалісты салігорскага „Шахцёра” выйгралі Кубак Беларусі. Гэта чацвёртая вікторыя ў гісторыі каманды з горада калійшчыкаў.
У вырашальным матчы, які адбыўся ў гомельскім спарткомплексе „Лакаматыў”, падначаленыя Віктара Бекшы перамаглі „Марка-ВДТУ” з Віцебска з лікам 3:0. Трэнер віцебскай дружыны Дзяніс Мацвееў спрабаваў паўплываць на гульню з дапамогай замен і тайм-аўтаў. Аднак розніца ў класе каманд была відавочнай.
Бронзавыя медалі турніру заваявала гомельская „Энергія”, якая ў спрэчцы за трэцяе месца перамагла „Барысаў-БДУФК” – 3:0.

„Гарызонт” стаў пераможцам жаночага Кубка Беларусі па баскетболе

У фінале жаночага Кубка Беларусі „Гарызонт” перамог „Цмокі-Мінск” – 54:50. Самым выніковым гульцом сустрэчы стала Андрыяна Уэб, якая набрала 17 ачкоў зрабіла 3 падборы аддала 2 перадачы. Гарадзенская „Алімпія” стала бронзавым прызёрам.
Падначаленыя Юрыя Чарняка ў матчы за трэцяе месца перамаглі „Гомельскіх рысяў” — 79:57.

Хакеісты маладзёжнай зборнай Беларусі трапілі ў лік лепшых на Чэмпіянаце свету ў дывізіёне IA

Названы лепшыя гульцы моладзевага чэмпіяната свету па хакею ў дывізіёне IA, які завяршыўся ў Даніі.
Лепшым галкіперам турніру стаў беларус Аляксей Коласаў.
Лепшы нападнік і бамбардзір турніру – Аляксандр Сувораў. Капітан маладзёжнай зборнай Беларусі ў пяці матчах закінуў 4 шайбы і аддаў 7 выніковых перадач.

Жаклен выйграў мас-старт

У французскім Ансі мужчынскай гонкай з масавым стартам на 15 кіламетраў з чатырма агнявымі рубяжамі завяршыўся чацвёрты этап Кубка свету па біятлоне. Пераможцам у заключным відзе праграмы стаў на хатняй трасе Эмільен Жаклен, які не закрыў адну мішэнь і пераадолеў дыстанцыю гонкі за 35 хвілін 54,8 секунды.
На 3,5 секунды ад яго адстаў зямляк Кантэн Фіён Мае, які дапусціў два промахі на агнявых рубяжах. Замкнуў тройку наймацнейшых нарвежац Тар’е Бё. Беларус Антон Смольскі фінішаваў 11-м з адставаннем 48,4 секунды, пры гэтым дапусціўшы 2 промахі пры стральбе. Жаночы мас-старт выйграла шведская біятланістка Эльвіра Эберг.
Дыстанцыю ў 12,5 км з чатырма агнявымі рубяжамі пераможца пераадолела за 35 хвілін 21,7 секунды дапусціўшы два промахі.
На 10,7 секунды ад лідэра адстала францужанка Жулі Сымон, у якой засталіся дзве незакрытыя мішэні на стрэльбішчы. Бронзу выйграла расіянка Крысціна Разцова.
Што да беларусак, то Ганна Сола фінішавала 12-й з адставаннем 41,8 секунды і 3 промахамі. Дзінара Алімбекава – 19-я з адставаннем 1 хвіліна 45,5 секунды і 5 промахаў.

Стаў вядомы расклад гульняў „Гомеля” у фінале Кантынентальнага кубка

Стаў вядомы расклад гульняў хакейнага клуба „Гомель” у вырашальнай стадыі розыгрышу Кантынентальнага кубка IIHF.
Першым супернікам „рысяў” стане „Сарыарка” з Караганды. Гэты паядынак адбудзецца 7 студзеня і пачнецца ў 17.30 па менскім часе. На наступны дзень каманда Сяргея Стася пазмагаецца з дацкім „Ольбарг Пайрэц”. Пачатак сустрэчы ў 21.30.
У заключным туры гамяльчане паспрачаюцца з „Краковіяй”. Матч супраць палякаў запланаваны на 9 студзеня і пачнецца ў 17.30.

БЧ у гасцях адолеў „Барысаў”-900

Гомельскі БЧ, які ачольвае табліцу першынства краіны, у матчы 13-га тура на выездзе адолеў „Барысаў”-900 — 2:1. Акрамя таго
ЦКК абыграў Ліду – 8:4
„Ахова-Дынама» была мацней за „Дарожнік” – 5:2

„Манчэстэр Сіці” на выездзе разграміў „Ньюкасл”

У матчы 18-га тура чэмпіянату Англіі „Ньюкасл” пацярпеў буйную хатнюю паразу ад „Манчэстэр Сіці” 0:4.
Галы ў складзе «гараджанаў» забівалі Дыяш, Кансэлу, Марэз і Стэрлінг. „Тотэнхэм” і „Ліверпуль” не выявілі пераможцу — 2:2. На гол Кейна адказаў Жота, а на мяч Роберцана – Сон Хын Мін. „Ліверпуль” займае другое месца ў табліцы АПЛ, „Тотэнхэм” ідзе сёмым.

Беларускае Радыё Рацыя