Валейбалісты „Шахцёра” саступілі італьянскай „Перуджы”



Валейбалісты „Шахцёра” саступілі італьянскай „Перуджы” з лікам 1:3 (25:23, 20:25, 17:25, 16:25) у трэцім кваліфікацыйным раўндзе Лігі чэмпіёнаў.

У пачатку матчу ў палацы спорту „Уручча” перавага была ў гаспадароў пляцоўкі. Нападнікі „Шахцёра” Андрэй Радзюк і Уладзімір Жыгмант паспяхова атакавалі з краёў сеткі. Зорныя гульцы італьянцаў Аляксандр Атанасьевіч і Іван Зайцаў дапускалі шмат памылак на падачы. „Перуджа”, якая з’яўляецца фіналістам мінулагодняга турніру Лігі чэмпіёнаў, перахапіла ініцыятыву да канца другой партыі. Госці паспяхова згулялі на блоку, а гарнякі не змаглі справіцца з прыёмам мяча.

Самым выніковым іграком сустрэчы стаў сербскі цэнтральны блакуючы Марка Падрашчанін – 17 ачкоў. У беларусаў у нападзенні вызначыліся дыяганальны Уладзімір Жыгмант (13 ачкоў) і Андрэй Радзюк (12 ачкоў).

Матч наведалі 2 400 гледачоў, што з’яўляецца рэкордам у бягучым сезоне для беларускіх валейбольных клубаў.

„Мы не расчараваныя праведзенай гульнёй. „Шахцёр” меў перавагу ў ліку ў першым сэце. Думаю, калі б мы маглі ўтрымаць перавагу ў другім сэце, то зыход паядынку мог быць іншым. Аднак „Перуджа” – вопытная каманда, якая можа выйсці з любой складанай сітуацыі”, – сказаў галоўны трэнер „Шахцёра” Віктар Бекша.

Паядынак у адказ 3-га раўнда Лігі чэмпіёнаў „Перуджа” – „Шахцёр” адбудзецца 12 лістапада ў Італіі.

belta.by