Валейбалісты зборнай Беларусі выйшлі ў паўфінал маладзёжнага ЧЕ ў Чэхіі



Валейбалісты зборнай Беларусі выйшлі ў паўфінал маладзёжнага чэмпіянату Еўропы ў Чэхіі. Дасягненне стала магчымым дзякуючы перамозе падначаленых Сяргея Троцкага ў матчы супраць нямецкіх аднагодкаў  – 3:0. Козырам каманды Сяргея Троцкага стала добрая падача, падмацаваная масіраванай атакай. Лепшым бамбардзірам сустрэчы стаў Максім Багатка. Прадстаўнік салігорскага „Шахцёра” зарабіў 16 ачкоў. Разам з беларусамі з групы выйшлі расейцы, якія на пачатковым этапе турніру ні разу не прайгралі. Паўфінальныя сустрэчы маладзёжнага чэмпіянату Еўропы пройдуць у Брно  3 і 4 кастрычніка.

Берасцейскае „Дынама” не выйшла ў групавы раўнд ЛЕ

Берасцейскае „Дынама” прайграла балгарскаму „Лудагорцу” 0:2 і не выйшла ў групавы раўнд футбольнай Лігі Еўропы. Матч плэй-оф прайшоў на менскім стадыёне „Дынама” без заўзятараў. Гэта быў матч практычна роўных супернікаў. Добрыя моманты мелі і гаспадары, і госці. На 69-й хвіліне пасля ўдару Яўгена Хачарыдзі мяч трапіў у штангу. А праз некалькі хвілін гол забілі госці. На жаль, дынамаўцы не змаглі адыграцца ды яшчэ прапусцілі другі гол.

Прайшло лёсаванне групавога раўнда Лігі чэмпіёнаў

На гэтай стадыі клубы з адной краіны не маглі трапіць у адзін квартэт.

Упершыню на групавой стадыі выступяць адразу тры прадстаўнікі Расеі. Футбалісты „Краснадара”, капітанам якога з’яўляецца беларускі абаронца Аляксандр Мартыновіч, трапілі ў групу Е, дзе іх супернікамі будуць англійскі „Чэлсі”, іспанская „Севілья” і французскі „Рэн”. Маскоўскі „Лакаматыў” з беларускім нападнікам Віталём Лісаковічам у складзе выступіць у квартэце А разам з дзеючым пераможцам Лігі чэмпіёнаў нямецкай „Баварыяй”, іспанскім „Атлетыка” з Мадрыда і аўстрыйскім „Зальцбургам”. Супернікамі чэмпіёна Расеі „Зеніта” з Санкт-Пецярбурга ў групе F будуць нямецкая „Барусія”, італьянскі „Лацыё” і бельгійскі „Бруге”. У групавой стадыі выступяць і два ўкраінскія клубы. Чэмпіён краіны данецкі „Шахцёр” – у групе В разам з іспанскім „Рэалам”, нямецкай „Барусіяй” з Менхенгладбаха і італьянскім „Інтэрам” з Мілана. Кіеўскае „Дынама”, якое прабілася ў асноўны этап праз кваліфікацыю, трапіла ў квартэт G, дзе яго апанентамі будуць іспанская „Барселона”, італьянскі „Ювентус” і вугорскі „Ференцвараш”, якім кіруе ўкраінскі трэнер Сяргей Раброў.

Склады астатніх папярэдніх груп:

С – „Манчэстэр Сіці” (Англія), „Марсель” (Францыя), „Алімпіякас” (Пірэй, Грэцыя), „Порту” (Партугалія).

D – „Ліверпуль” (Англія), „Аякс” (Амстэрдам, Нідэрланды), „Аталанта” (Бергамо, Італія), „Мідт’юланн” (Данія).

Н – „Пары Сэн-Жэрмен” (Францыя), „Манчэстар Юнайтэд” (Англія), „Лейпцыг” (Нямеччына), „Істанбул” (Турцыя).

Матчы групавога этапу чэмпіёнскай Лігі стартуюць 20 кастрычніка, а завершацца 9 снежня.

Роберт Левандоўскі – найлепшы гулец сезону

Нападнік мюнхенскай „Баварыі” і зборнай Польшчы Роберт Левандоўскі – найлепшы гулец сезона па версіі УЕФА. Іншымі прэтэндэнтамі былі брамнік Мануэль Ноер з той жа „Баварыі” і паўабаронца „Манчэстар Сіці Кевін Дэ Бройнэ.

32-гадовы Левандоўскі у мінулым сезоне, які зацягнуўся з-за распаўсюду каронавіруса, у 47 матчах за „Баварыю” забіў 55 галоў. Яго каманда не толькі стала чэмпіёнам краіны, але і выйграла Лігу чэмпіёнаў.

Хакеісты менскага „Дынама” прайгралі ў Рызе па булітах

Хакеісты менскага „Дынама” прайгралі ў чэмпіянаце КХЛ у Рызе мясцоваму „Дынама” — 3:4 . У дынамаўцаў у асноўны час шайбы закінулі Раман Гарбуноў і двойчы Арцём Дзямкоў. Усё вырашылі буліты. Рыжане перарвалі пераможную 6-матчавую серыю мінчукоў. Перад гульнёй у некаторых гульцоў менскага „Дынама” і „прадстаўнікоў адміністрацыйна-трэнерскага штабу тэсты паказалі першасна станоўчы вынік на каронавірус”. У выніку не ўсе выйшлі на лёд, а абавязкі галоўнага трэнера выконваў Дзмітрый Баскаў. 7 кастрычніка „Дынама” прымае „Сочы”.

Хакеісты „Нёмана” выйгралі трэці матч запар у чэмпіянаце Беларусі

Хакеісты гарадзенскага „Нёмана” ў чэмпіянаце Беларусі святкавалі трэцюю вікторыю запар. Падначаленымі Сяргея Пушкова па булітах быў абыграны „Гомель” – 4:3. Праваліўшы першы перыяд, гарадзенцы змаглі ўзяць сябе ў рукі. У „рысяў” шайбы закідвалі Кірыл Куцыр, Кірыл Мяжэйнікаў і Алег Качалоўскі. У пераможцаў дублем адзначыўся Эдуард Насыбулін, адна шайба на рахунку Арцёма Ляўшы. У серыі булітаў кропку паставіў гулец „Нёмана” Ігар Варывончык. У яшчэ адным матчы дня „Дынама-Маладэчна” з мінімальным перавагай абыграла „Металург-Жлобін” – 3:2.  „Шахцёр” з Салігорска не меў праблем у паядынку супраць „Магілёва” – 4:1.

„Цмокi-Мiнск” перамаглі „Енісей” у стартавым матчы Адзінай лігі ВТБ

Баскетбалісты „Цмокi-Мiнск” паспяхова стартавалі ў новым сезоне Адзінай лігі ВТБ. У Краснаярску падначаленыя Расціслава Вяргуна абыгралі мясцовы „Енісей” з лікам 86:81. Самым выніковым у складзе мінчанаў стаў Максім Салаш, які набраў 26 ачкоў.

Свой наступны матч „банкаўскага” турніру чэмпіёны Беларусі правядуць у Санкт-Пецярбургу супраць «Зеніта». У рэгулярным сезоне каманды правядуць двухкругавы турнір з матчамі дома і ў гасцях. Баскетбалісты „Цмокi-Мiнск” яшчэ ні разу не выходзілі ў накаўт-раўнд.

Сабаленка і Сасновіч перамаглі на старце парнага разраду адкрытага чэмпіянату Францыі па тэнісе

Дзве беларускія тэнісісткі прабіліся ў 1/16 фіналу парнага разраду адкрытага чэмпіянату Францыі. Арына Сабаленка і бельгійка Эліз Мёртэнс абыгралі румынскі дуэт Ірыну Бегу / Ралуку Олару – 6:1, 6:4. Аляксандра Сасновіч і ўкраінка Марта Касцюк узялі верх над славенска-чэскім тандэмам Луцыяй Градзецкай / Андрэяй Клепач – 6:4, 6:1. У адзіночным разрадзе з беларусак засталася толькі дванаццатая ракетка планеты Арына Сабаленка, якая ў 1/32 фіналу перамагла расіянку Дар’ю Касаткіну – 7: 6 (8: 6), 6:0.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя