Валейбалісты зборнай Беларусі занялі 4-е месца на моладзевым Еўра



Валейбалісты зборнай Беларусі саступілі бельгійскім аднагодкам у матчы за трэцяе месца моладзевага чэмпіянату Еўропы з лікам 0:3.

Дзве партыі з трох, праведзеных валейбалістамі Беларусі і Бельгіі на пляцоўцы, прайшлі па практычна ідэнтычным сцэнары. Супернікі каманды Сяргея Троцкага дамагаліся перавагі ў дэбюце кожнай з іх і пасля спакойна даводзілі сэт да перамогі. Самым выніковым у беларускай дружыне стаў Уладзіслаў Давыскіба, на рахунку якога 11 ачкоў.

Пераможца турніру вызначаўся ў матчы італьянскіх і расейскіх валейбалістаў і падначаленыя Міхаіла Мікалаева нанеслі паразу зборнай Італіі з лікам 3:1.

„Віцебск” і „Нёман” выйшлі ў чвэрцьфінал Кубка Беларусі

У розыгрышы футбольнага Кубка Беларусі вызначыліся чарговыя ўдзельнікі чвэрцьфінальнай стадыі. Футбалісты „Віцебска” абыгралі на выездзе менскі „Энергетык-БДУ” з мінімальнай перавагай 1:0 дзякуючы голу Руслана Цеверава на 76-й хвіліне матчу. У Мазыры гарадзенскі „Нёман” перамог мясцовую „Славію” з лікам 2:0. Раней у чвэрцьфінал выйшлі футбалісты „Іслачы” з Менскага раёна, жодзінскае „Тарпеда-БелАЗ”, салігорскі „Шахцёр”, „Мінск” і прадстаўнік першай лігі нацыянальнага чэмпіянату дзяржынскі „Арсенал”.

Лісаковіч забіў свой першы гол у чэмпіянаце Расеі

Беларускі нападнік маскоўскага „Лакаматыва” Віталь Лісаковіч забіў свой першы гол у чэмпіянаце Расеі. У пераможным хатнім матчы дзясятага тура з „Хімкі” 22-гадовы беларус выйшаў у стартавым складзе і адкрыў лік на 25-й хвіліне сустрэчы. На 80-й хвіліне Віталь Лісаковіч быў заменены, у выніку масквічы выйгралі з лікам 2:1.

Покер Левандоўскага прынёс «Баварыі» перамогу ў матчы з «Гертай»

У матчы 3-га тура чэмпіянату Нямеччыны «Баварыя» абыграла «Герту» з лікам 4:3. У кампенсаваны час перамогу «Баварыі» прынёс Левандоўскі, які забіў гол з пенальці і аформіў покер. „Ліверпуль” на выездзе разгромна прайграў „Астан Віле” ў матчы 4-га тура чэмпіянату Англіі – 2:7. У пераможцаў хет-трык аформіў Олі Уоткінс, Джэк Грыліш забіў два мячы, у „чырвоных” двойчы вызначыўся Махамед Салах. „Ліверпуль” упершыню прапусціў сем мячоў за матч у прэм’ер-лізе. У 1963 годзе мерсісайдцы атрымалі сем галоў ва ўласную браму ў сустрэчы вышэйшага дывізіёна. „Астан Віла” з трыма перамогамі ў трох гульнях паднялася на другое месца ў турнірнай табліцы, у „Ліверпуля” дзевяць балаў пасля чатырох паядынкаў і пятая пазіцыя. „Тотэнхэм” разграміў „Манчэстар Юнайтэд” 6:1 – Сон Хын Мін і Хары Кейн забілі па два мячы.

„Барселона” на хатняй арэне згуляла ўнічыю з „Севільяй” у матчы 5-га тура чэмпіянату Іспаніі – 1:1. „Барселона” з сямю баламі ідзе пятай у турнірнай табліцы, у „Севільі” сем ачкоў і шостая пазіцыя. „Мілан” упэўнена перамог „Спецыю” 3:0, „Лацыё” і „Інтэр” згулялі ўнічыю 1:1 у матчах 3-га тура чэмпіянату Італіі. Матч „Ювентуса” і „Напалі” перанесены. „Напалі” не прыляцеў у Турын на гульню з-за каронавіруса ў камандзе.

МОKS згуляў унічыю з Red Devils Chojnice

У 5-м туры футзальнай экстракласы MOKS Słoneczny Stok Беласток, за які выступае былы абаронца зборнай Беларусі Сяргей Шостак, згуляў унічыю супраць каманды Red Devils Chojnice 2:2. Дублем у складзе беластоцкай дружыны адзначыўся Мікіта Старажук. Пасля 5 серый матчаў беластачане маюць на рахунку 8 ачкоў і 5-е месца ў турнірнай табліцы.

Беларускі баксёр Іван Баранчык саступіў у баі за тытул WBC Silver

Беларускі баксёр Іван Баранчык саступіў у баі за вакантны тытул WBC Silver у першай паўсярэдняй вазе ў Лас-Вегасе. Супернікам экс-чэмпіёна свету па версіі IBF стаў амерыканец Хасэ Сапеда. У адным з самых відовішчных баёў сезона супернікі сем разоў адпраўлялі адзін аднаго ў накдаўн. Развязка наступіла ў пятым раўндзе. Амерыканец нанёс беларусу прамы ўдар па твары. Пасля гэтага Іван Баранчык апынуўся на насціле рынга і не змог працягваць паядынак. Параза ад Хасэ Сапеды другая ў кар’еры 27-гадовага беларускага спартоўца.

Беларусь пазбаўленая права на правядзенне Сусветнай шахматнай Алімпіяды

Беларусь пазбаўленая права на правядзенне Сусветнай шахматнай Алімпіяды ў 2022 годзе. Рашэнне аб тым, што турнір пройдзе ў Беларусі, было прынята на пасяджэнні Генеральнай асамблеі Міжнароднай федэрацыі шахмат (ФІДЭ) у Батумі ў 2018 годзе, аднак напярэдадні стала вядома, што беларусы парушылі фінансавыя абавязацельствы.

Беларускае Радыё Рацыя