Віктар Шаршукоў: На чэмпіянаце свету медалёў не плануем



Галоўны трэнер зборнай Беларусі па цяжкай атлетыцы Віктар Шаршукоў распавёў пра планы нацыянальнай каманды пасля чэмпіяната Еўропы.

Нагадаем, што з еўрапейскага першынства, якое не так даўно завяршылася ў Батумі, беларуская каманда прывезла восем медалёў у двухбор’і. Чэмпіёнамі Еўропы сталі Генадзь Лапцеў, Дар’я Навумава (76 кг) і Яўген Ціханцаў (96 кг). Серабро заваявалі Пётр Асаёнак (81 кг) і Андрэй Арамнаў (109 кг), бронзу – Юлія Асаёнак (45 кг), Вадзім Ліхарад (73 кг) і Вадзім Стральцоў (102 кг).

У агульным камандным заліку наша каманда заняла другое месца. З улікам малых медалёў (у рыўку і штуршку) і двухбор’я зборная Беларусі заваявала 19 медалёў (7 залатых, 7 сярэбраных і 5 бронзавых).

Віктар Шаршукоў: На першынстве Еўропы наша мужчынская зборная выступіла, можа быць, толькі на 90 адсоткаў ад сваіх рэальных магчымасцей. Асноўная падрыхтоўка ўсё-такі ідзе да чэмпіяната свету ў Таіландзе, які пройдзе ў верасні гэтага года, але там медалі мы не плануем.

На сусветным першынстве мы плануем выйсці на вынік, які будзе вышэйшы за выступленне на чэмпіянаце Еўропы. А будуць медалі альбо іх не будзе – гэта ўжо як атрымаецца, таму што сапернікі моцныя і таксама сур’ёзна рыхтуюцца.

РР: Алімпійскі чэмпіён Алімпіяды-2008 у Пекіне Андрэй Арамнаў вярнуўся пасля працяглай паўзы ў вялікі спорт і ў Батумі адразу заваяваў срэбра. Вы верыце, што ён здольны на большае?

Віктар Шаршукоў: Андрэй Арамнаў прагрэсуе, і мне гэта падабаецца. Пасля чэмпіяната Еўропы я адпусціў яго адпачыць на дзесяць дзён з сям’ёй у Егіпце, але 7 траўня аднаўляем трэніроўкі. Арамнаў сам разумее, што ў яго сёння ёсць цудоўны шанц пазмагацца за адзіную пуцёўку на Алімпіяду. Па рэйтынгу ў зборнай ён зараз на другім-трэцім месцы, але ж ёсць час для працы.

РР: На Гульні з-за шматлікіх злоўжыванняў допінгам беларускімі штангістамі паедуць толькі два цяжкаатлеты?

Віктар Шаршукоў: Так, дазволеная алімпійская квота для нашай каманды – два атлеты – мужчына і жанчына. Таму самі разумееце, якая ў мужчынскай камандзе будзе канкурэнцыя за адзіную пуцёўку на Гульні.

Іншая справа, што мы не перастаем змагацца за тое, каб нам пашырылі квоту. Можа быць, нейкія змены і будуць да Алімпіяды, бо змагаемся не толькі мы, але і казахі, і расейцы. Хаця гэта ўсяго толькі спадзяванні, таму будзем сыходзіць з горшага. Лепш давайце радавацца таму, што ў нас ёсць маладая таленавітая каманда. Мы ўжо маем сем чалавек, якія могуць пазмагацца за медалі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя