Віктара Ганчарэнку звольняць з ЦСКА пасля матчу з „Растовам”
Былы расейскі футбаліст, а цяпер спецыяліст Васіль Беразуцкі з’яўляецца асноўным кандыдатам на пасаду галоўнага трэнера маскоўскага ЦСКА, які цяпер займае беларус Віктар Ганчарэнка. Аб адстаўцы Ганчарэнкі ЦСКА мае намер аб’явіць пасля матчу 19-га тура чэмпіянату Расеі з „Растовам”, які адбудзецца 17 снежня, паведамляе „Чэмпіянат”. У ЦСКА Васіль таксама займае пасаду намесніка генеральнага дырэктара па спартовых пытаннях.
Беларус Ягор Шарамкоў заваяваў срэбра і бронзу на чэмпіянаце Еўропы ў Турцыі
Беларус Ягор Шарамкоў заваяваў срэбра і бронзу на чэмпіянаце Еўропы па спартовай гімнастыцы ў Турцыі. Спартовец быў заяўлены ў двух відах, вольных практыкаваннях і апорным скачку, і ў кожным выйшаў у фінал. Прычым вольныя практыкаванні Шарамкова сталі найлепшымі ў кваліфікацыі. У вырашальным раўндзе Ягор заваяваў бронзу, саступіўшы харвату Аўрэліё Беновічу і Арцёму Далгапяту з Ізраіля. У апорным скачку яму ўдалося заваяваць срэбра. Золата ва ўкраінца Ігара Радзівілава. Бронза дасталася Арцёму Далгапяту.
Футбалісты „Баварыі” згуляюць з „Лацыё” у 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў
У штаб-кватэры УЕФА ў швейцарскім Ньёне адбылося лёсаванне пар 1/8 фіналу футбольнай Лігі чэмпіёнаў. Дзеючы пераможца галоўнага кантынентальнага клубнага турніру мюнхенская „Баварыя” ў барацьбе за выхад у чвэрцьфінал двойчы сустрэнецца з італьянскім „Лацыё” з Рыма. Фіналіст мінулага розыгрышу французскі „Пары Сен-Жэрмен” будзе сапернічаць з іспанскай „Барселонай”. Мадрыдскі „Рэал” згуляе з італьянскай „Аталантай” з Бергама.
Астатнія пары:
„Манчэстар Сіці” (Англія) – „Барусія” (Менхенгладбах, Германія);
„Ліверпуль” (Англія) – „Лейпцыг” (Германія);
„Чэлсі” (Лондан, Англія) – „Атлетыка” (Мадрыд, Іспанія);
„Барусія” (Дортмунд, Германія) – „Севілья” (Іспанія);
„Порту” (Партугалія) – „Ювентус” (Турын, Італія).
Першыя матчы 1/8 фіналу запланаваны на 16-24 лютага, матчы ў адказ – на 9-17 сакавіка.
Роджэр Федэрэр прызнаны найлепшым спартоўцам Швейцарыі за апошнія 70 гадоў
20-разовы пераможца турніраў „Вялікага шлема” Роджэр Федэрэр быў прызнаны найлепшым спартоўцам Швейцарыі за апошнія 70 гадоў, паведамляе SRF. Тэнісіст атрымаў 49,1% галасоў. Другое месца ў апытанні заняў чатырохразовы алімпійскі чэмпіён лыжнік Дарыё Калонья (12,2%). Трэцім стаў алімпійскі чэмпіён гарналыжнік Пірмін Цурбрыген (12%). У жанчын перамагла трохразовая алімпійская чэмпіёнка гарналыжніца Фрэн Шнайдэр (41%).
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
