Вікторыя Азаранка прайграла першай ракетцы свету на турніры ў Цынцынаці



У 1/8 фіналу беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка сустракалася з першай ракеткай свету — аўстралійкай Эшлі Барці. Азаранка, якая мае 15-ы нумар у рэйтынгу WТА, здолела ўзяць толькі два геймы і саступіла суперніцы з лікам 0:6, 2:6. Раней у 1/16 фіналу з гэтага турніру вылецела лепшая тэнісістка Беларусі Арына Сабаленка.

Хакеісты зборнай Беларусі перамаглі „Барыс” у кантрольным матчы

Хакеісты нацыянальнай зборнай Беларусі абыгралі казахстанскі „Барыс” з Нур-Султана з лікам 2:1 у першым з двух кантрольных матчаў у Мінску. На лёдзе „Алімпік-Арэны” гаспадары выйшлі наперад у сярэдзіне першага перыяду пасля дакладнага кідка Ягора Шаранговіча. У другой дваццаціхвілінцы Арцём Дзямкоў у большасці закінуў другую шайбу, а ў заключнай трэці матчу шведскі форвард гасцей Якаб Лілья адыграў адну шайбу. Сёння супернікі правядуць другі спарынг. У пачатку наступнага тыдня зборная Беларусі адправіцца ў Браціславу, дзе пройдзе кваліфікацыйны турнір да XXIV зімовых Алімпійскіх гульняў у Пекіне 2022 года. У славацкай сталіцы супернікамі беларусаў у адборавай групе D будуць каманды Польшчы, Аўстрыі і Славакіі.

Гандбалісты менскага СКА сталі фіналістамі турніру ў Маскве

Гандбалісты менскага СКА святкавалі другую вікторыю і прабіліся ў фінал міжнароднага турніру ў Маскве. У заключным матчы папярэдняй групы В падначаленыя Ігара Папругі адолелі расейскі клуб „Пермскія мядзведзі” з мінімальнай перавагай – 32:31. Напярэдадні віцэ-чэмпіёны Беларусі з такім жа лікам перамаглі маскоўскі ЦСКА. Сёння ў вырашальным паядынку менскія армейцы сустрэнуцца з польскім „Кельце”, у якім выступаюць былыя гульцы СКА Арцём Каралёк і Уладзіслаў Кулеш. Чэмпіёны Польшчы напярэдадні выйгралі ў нямецкага „Берліна” з лікам 27:21.

Беларускія гандбалісты выйшлі ў паўфінал юніёрскага чэмпіянату Еўропы

Гандбалісты юніёрскай зборнай Беларусі выйшлі ў паўфінальную стадыю чэмпіянату Еўропы ў другім дывізіёне, які праходзіць у балгарскай Варне. У заключным паядынку папярэдняй групы В беларускія гандбалісты згулялі ўнічыю з аднагодкамі са Славакіі – 29:29. Самым выніковым у складзе беларусаў стаў Кірыл Самойлаў, які закінуў дзевяць мячоў. У першым туры падначаленыя Васіля Астроўскага разграмілі каманду Фінляндыі – 30:20, а потым упэўнена перайгралі каманду Літвы – 41:23. Паўфінальныя сустрэчы пройдуць 21 жніўня.

«Ракув» абыграў «Гент» у першым матчы раўнда плэй-оф Лігі канферэнцый

У першым матчы раўнда плэй-оф Лігі канферэнцый польскі «Ракув» Чэнстахова перамог бельгійскі клуб «Гент» з лікам 1:0. Адзіны мяч на 64-й хвіліне забіў Анджэй Нівуліс. У папярэднім раўндзе польскі клуб абыграў расейскі „Рубін”. Чэшская „Славія” і польская „Легія” пачаткова мелі віды на Лігу чэмпіёнаў, але з кваліфікацыі самага прэстыжнага клубнага турніру яны вылецелі. Абедзве каманды зваліліся ў кваліфікацыю Лігі Еўропы. І толькі адна з іх выйдзе ў групу другога па прэстыжнасці турніру Еўропы. Першы матч супрацьстаяння атрымаўся відовішчным. Каманды гулялі ў розных стылях. „Славія” гуляла ў кароткі пас, дамінавала і спрабавала ствараць моманты пасля доўгіх розыгрышаў. Футбол „Легіі”, у гэтым матчы, быў вельмі прамалінейным. Футбалісты варшаўскай каманды могуць быць задаволеныя вынікам. Два яе галы былі забітыя пасля вынасу мяча наперад. На 20-й хвіліне адзначыўся Эмрэлі, а Юранавіч атрымаў мяч у цэнтры поля, без супраціву прабег з ім да штрафной і сам прабіў у верхні кут. „Славія” двойчы адказала ў першым тайме. Спачатку пасля розыгрышу кутавога, а другі мяч забіла пасля праходу па флангу і прастрэлу у цэнтр штрафной. У другім тайме ў „Славіі” момантаў было больш, але чэшскі чэмпіён змушаны задаволіцца толькі нічыёй у гульні з „Легіяй” – 2: 2.

„Баварыя” не прадасць Роберта Левандоўскага гэтым летам ні пры якіх абставінах

Напярэдадні з’явілася інфармацыя, што 32-гадовы форвард адкрыты для пераходу ў іншы еўрапейскі клуб, але мюнхенцы запатрабуюць за яго больш за 100 мільёнаў еўра. Тым не менш, паводле інфармацыі Goal.com, „Баварыя” ні пры якіх абставінах не адпусціць паляка гэтым летам, яго продаж не будзе разглядацца да канца сезона. Сам Левандоўскі прымае пазіцыю свайго клуба і не будзе фарсіраваць трансфер.

Беларускае Радыё Рацыя