Вікторыя Азаранка прайграла ў 1/16 фіналу „Ралан Гарос”



Беларуска Вікторыя Азаранка (15-ы нумар сусветнага рэйтынгу) не здолела прабіцца ў 1/8 фіналу адкрытага чэмпіянату Францыі па тэнісе.

У паядынку трэцяга раўнда беларуская тэнісістка саступіла швейцарцы Джыл Тайхман – 6:4, 5:7, 5:10. Яшчэ адна беларуска Аляксандра Сасновіч прабілася ў 1/8 фіналу, перамогшы немку Ангеліку Кёрбер  – 6:4, 7:6 (7:5). Наступнай саперніцай Сасновіч будзе італьянская тэнісістка Марціна Трэвізан.

ВРЗ выйшаў наперад у 1/2 фіналу чэмпіянату Беларусі па міні-футболе

Гомельскі ВРЗ выйшаў наперад у паўфінальнай серыі 33-га чэмпіянату Беларусі па міні-футболе. У Гомелі ў трэцяй сустрэчы з гарадзенскім „УУС-Дынама” гаспадары перамаглі з лікам 5:1. У першай гульні гамяльчане выйгралі на сваёй арэне з такім жа лікам, а потым у Гародні дынамаўцы ўзялі рэванш 2:1. Наступны паядынак серыі да трох перамог адбудзецца 30 траўня ў Гародні.

Футбалісты „Гомеля” не ўтрымалі перамогу над „Слуцкам”

Футбалісты „Гомеля” не ўтрымалі перамогу над „Слуцкам” у гасцявым паядынку 10-га тура чэмпіянату Беларусі. Усе мячы матча ў Слуцку былі забіты ў другім тайме. Спачатку двойчы запар вызначыліся гамяльчане – на 47-й хвіліне гульні лік адкрыў Аляксандр Макась, а яшчэ праз дзве хвіліны яго поспех паўтарыў Ілля Алексіевіч. Гаспадары не збіраліся саступаць і праз паўгадзіны адказалі галявым дублем Арсенія Канцадайлава – нічыя 2:2. У першай  сустрэчы дня футбалісты „Іслачы” адолелі ў Маладэчне магілёўскае „Дняпро”  3:2.

Ігар Кавалевіч дыскваліфікаваны на тры матчы і аштрафаваны на 960 рублёў па слядах прамовы аб „блакітных”

Галоўны трэнер „Нёмана” Ігар Кавалевіч дыскваліфікаваны на тры матчы і аштрафаваны на 960 рублёў.

Такое рашэнне прыняў КДК БФФ. Кавалевіча пакаралі па артыкуле „Іншыя парушэнні”. Пасля матча вышэйшай лігі са „Славіяй” рулявы „Нёмана” раскрытыкаваў працу арбітраў. Таксама трэнер „Нёмана” Андрэй Скарабагацька дыскваліфікаваны на два матчы і аштрафаваны на 320 рублёў. Асістэнта Ігара Кавалевіча пакаралі за „абразлівыя паводзіны футбаліста або афіцыйнай асобы клуба (каманды) у дачыненні да афіцыйных асоб матча да, падчас і пасля матчу, г.зн. выкарыстанне ненарматыўнай лексікі, абразлівых слоў і выразаў, а таксама абразлівых жэстаў у дачыненні да афіцыйных асоб матча”.

Маладзёжная зборная Беларусі па хакеі выйграла матч Кубку Чорнага мора

Маладзёжная зборная Беларусі па хакеі (U-20) святкавала першую перамогу на Кубку Чорнага мора, які праходзіць у Сочы. У трэцім матчы на турніры падначаленыя Сяргея Стася абыгралі юнацкую зборную Расеі (U-18) з лікам 3:2, шайбамі ў складзе гасцей адзначыліся Міраслаў Міхалёў, Данііл Сатышвілі і Ягор Ігнаценка. Лепшым гульцом сустрэчы ў складзе беларускай каманды быў прызнаны галкіпер Ян Шостак. Такім чынам, групавы этап турніру беларусы скончылі з адной перамогай і двума паразамі – раней беларуская каманда саступіла абедзвюм маладзёжным зборным Расеі (0:3 і 3:5 адпаведна).

Дземчанка падпісаў кантракт з менскім „Дынама”

Хакейнае менскае „Дынама” дасягнула дамоўленасці аб падпісанні кантракта з беларускім нападаючым Валянцінам Дземчанкам, паведамілі  у прэс-службе „зуброў”. Двухбаковае пагадненне разлічана на два гады. Папярэдні сезон 20-гадовы форвард пачынаў у ВХЛ, дзе выступаў за васкрасенскі „Хімік”. Затым Валянцін Дземчанка вярнуўся ў менскае „Юнацтва”, за якое ў 33 матчах набраў 12 (7+5) ачкоў і стаў сярэбраным прызёрам экстралігі. Сезонам раней у складзе сталічнага клуба Валянцін Дземчанка заваяваў чэмпіёнства.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Reuters

[manual_related_posts]