Вікторыя Азаранка вяртаецца ў сусветны тэнісны тур



Вікторыя Азаранка сёння, 20 чэрвеня, вяртаецца ў сусветны тэнісны тур пасля перапынку, які быў звязаны з нараджэннем сына. Вядучая беларуская тэнісістка ўпершыню ў кар’еры выступіць на турніры ў іспанскай Мальёрцы (прызавы фонд – $226 тыс.).

Вікторыя Азаранка ў паядынку першага круга згуляе з японскай тэнісісткай Рысай Адзакі, якая займае 73-е месца ў сусветным рэйтынгу. Іх сустрэча пачнецца не раней за 20.00 па менскім часе і будзе паказана ў прамым эфіры тэлеканала „Беларусь 5”.

Перад сённяшняй гульнёй былая першая ракетка планеты некалькі дзён трэніравалася на травяных кортах Мальёркі і сказала, што ёй вельмі спадабаўся гэты іспанскі востраў. Вікторыя Азаранка адзначыла, што апошнія 3 месяцы яна інтэнсіўна рыхтавалася са сваёй новай трэнерскай камандай і цяперашні турнір пакажа вынікі праведзенай работы. Апошні раз Вікторыя выступала ў афіцыйных турнірах у маі 2016 года на парыжскіх кортах „Ралан Гарос”.

Пасля выступлення на Мальёрцы Вікторыя Азаранка плануе адправіцца ў Англію і падрыхтавацца да Уімблдонскага турніру, трэцяга ў сезоне турніру серыі „Вялікага шлема”. Спаборніцтвы на кортах Усеанглійскага лаўн-тэніснага клуба ў прадмесцях Лондана пройдуць з 3 па 16 ліпеня.

belta.by