Вікторыя Азаранка выйшла ў 1/8-ю турніру ў Маямі
У трэцім крузе прэстыжнага тэніснага турніру ў амерыканскім Маямі апошняя прадстаўніца Беларусі Вікторыя Азаранка позна ўвечары (па нашым часе) выйшла на корт супраць прадстаўніцы Латвіі Анастасіі Севаставай.
Першы сет застаўся за прыбалткай – 6:3. У другой партыі Азаранка ўпэўнена вяла гульню, але ў канцоўцы доўга не магла рэалізаваць шмат сет-болаў. І ўсё ж партыя засталася ў актыве Вікторыі – 6:4.
Трэці вырашальны сет разгортваўся так – Азаранка дыктавала свае ўмовы, павяла 4:1 і ўслед рэалізавала яшчэ брэйк-пойнт – 5:1. Далей беларуска выйшла падаваць на матч і не без цяжкасці, але давяла партыю і матч да лагічнага зыходу – 6:1.
У 1/8-й фіналу Азаранка сустрэнецца з полькай Агнешкай Радваньскай (на сёння 32-я ракетка свету).
Беларускае Радыё Рацыя