Вікторыя Азаранка выйшла ў трэці круг турніру WTA ў Індыян-Уэлсе
Вікторыя Азаранка (32 WTA) выйшла ў трэці круг турніру катэгорыі ВТА-1000 у Індыян-Уэлсе. Беларуска абыграла польскую спартоўку Магду Лінэт (54 WTA) – 7:5, 3:0.
Тэнісістка з Познані бліжэй да канцоўкі сэта пачала адчуваць боль у ладыжцы. Пасля зваротаў да фізіятэрапеўта і трох прайграных геймаў Магда адмовілася ад працягу барацьбы. Наступнай суперніцай беларускі стане Петра Квітава з Чэхіі.
Аляксандра Сасновіч сенсацыйна выбіла з барацьбы на турніры серыі ВТА-1000 у Індыян-Уэлсе брытанку Эму Радукану, абыграўшы пераможцу US Open-2021 з лікам 6:2, 6:4, і выйшла ў трэці круг спаборніцтваў. У наступным паядынку яе суперніцай стане румынская тэнісістка Сымона Халеп.
Беларуска Ганна Кубарава (318 ВТА) не змагла прабіцца ў фінал турніру ІТФ у Партугаліі. У матчы 1/2 фіналу яна саступіла аўстралійцы Элен Перэс (236) – 2:6, 4:6
Кваліфікацыю „Гран-пры Турцыі” выйграў Льюіс Хэмілтан
Пілот „Мерседэса” Льюіс Хэмілтан стаў пераможцам кваліфікацыі „Гран-пры Турцыі”. Брытанец усталяваў новы рэкорд трасы. Другое месца па выніках кваліфікацыі заняў партнёр Хэмілтана па камандзе Валтэры Ботас. На трэцім радку – Макс Ферстапен з „Рэд Була”. „Гран-пры Турцыі» ў класе гонак «Формула-1» адбудзецца 10 кастрычніка.
Кірыл Маскевіч выступіць у паўфінале чэмпіянату свету
Кірыл Маскевіч прайшоў у паўфінал чэмпіянату свету па спартовай барацьбе 2021 у Нарвегіі. Беларускі спартовец спачатку ўпэўнена перамог у 1/8 фіналу прадстаўніка Польшчы, а затым у 1/4 адолеў змагара з Турцыі. Чэмпіянат свету па спартовай барацьбе ў Осла будзе доўжыцца да 10 кастрычніка.
Беларускі брамнік Іван Кульбакоў можа перайсці ў „Віцязь”
Беларускі брамнік Іван Кульбакоў трапіў у сферу інтарэсаў „Віцязя”. У мінулым сезоне 25-гадовы кіпер дэбютаваў у КХЛ. У 12 гульнях за „Сочы” яго каэфіцыент надзейнасці склаў 3,25. У жніўні Кульбакоў падпісаў пробны кантракт з менскім „Дынама”, аднак паўнавартаснага пагаднення з ім так і не было заключана.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Getty Images
