Вікторыя Азаранка выйшла ў фінал турніру ВТА-1000



Беларуска Вікторыя Азаранка выйшла ў фінал турніру ВТА-1000 у амерыканскім Індыян-Уэлсе з прызавым фондам 8 мільёнаў 761 тысяча даляраў. У паўфінальным паядынку наша суайчынніца перамагла прадстаўніцу Латвіі Алену Астапенку з лікам 3:6, 6:3, 7:5.

«Гомель» абыграў «Нёман» і падоўжыў пераможную серыю

У чарговым матчы чэмпіянату Беларусі па хакею «Гомель» абыграў на выездзе гарадзенскі «Нёман» з лікам 3:1. «Чырвона-чорныя» церпяць другую паразу пад кіраўніцтвам Андрэя Коршунова. «Рысі» працягнулі пераможную серыю да шасці матчаў.

Хоць да апошніх секунд сустрэча трымала ў напрузе – на шайбу Мікіты Крыскіна на 8-й хвіліне ў пачатку другога перыяду адказаў Ігар Равенка. Гамяльчане хоць і валодалі мінімальнай перавагай, але гаспадары не здаваліся, час ад часу нагружаючы Грышчанку небяспечнымі кідкамі. Пытанне аб пераможцы зняў Яўген Дадонаў, трапіўшы ў пустую брамку за хвіліну да фінальнай сірэны. Таксама ў складзе «Гомеля» Яўген Грыгарэнка падоўжыў сваю выніковую серыю да шасці гульняў.

«Чыкага» пацярпеў другую паразу запар, саступіўшы «Нью-Джэрсі»

У матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ «Нью-Джэрсі Дэвілз» у складзе з беларусам Ягорам Шаранговічам прымаў на сваім лёдзе «Чыкага Блэкхоўкс». Сустрэча завяршылася перамогай гаспадароў у авертайме з лікам 4:3. У асноўны час каманды тройчы трапілі ў брамку супернікаў  – у складзе «Дэвілз” вызначыліся Дагі Хэмілтан, Джэк Х’юз і Андрэас Юнсан, а за «Чыкага» закідвалі Алекс Дебрынкет, Кірбі Дак і Дамінік Кубалік. Перамогу «Нью-Джэрсі» у авертайме прынёс дакладны кідок ўсё таго ж Джэка Х’юза. Хакеістам «Блэкхоўкс» атрымалася перавесці гульню ў авертайм, адыграўшы з 1:3 у трэцім перыядзе. 23-гадовы беларускі форвард «Нью-Джэрсі» Ягор Шаранговіч правёў на лёдзе 18 хвілін 55 секунд і не адзначыўся выніковымі дзеяньнямі, завяршыўшы гульню з паказчыкам карыснасці «+1».

«ПСЖ» без Месі абыграў «Анжэ»

У матчы 10-га тура французскай Лігі 1 «Пары Сэн-Жэрмэн» перайграў «Анжэ». Сустрэча праходзіла на стадыёне «Парк дэ Прэнс» у Парыжы і завяршылася з лікам 2:1. На 36-й хвіліне адзіны гол гасцей забіў Анжэла Фюльжыні. У парыжан лік зраўняў Данілу Перэйра з перадачы Кіліана Мбапэ на 69-й хвіліне матчу. На 88-й хвіліне галоўны арбітр матчу пасля прагляду VAR прызначыў пенальці ў браму «Анжэ». Яго ўпэўнена рэалізаваў форвард парыжан Мбапэ, тым самым прынёсшы перамогу парыжанам. Нападнік Ліянэль Месі не прымаў удзелу ў матчы з-за ўдзелу ў матчы адборавага турніру да чэмпіянату свету ў складзе зборнай Аргенціны. «ПСЖ» у дзесяці матчах набраў 27 ачкоў, выйграўшы 9 з 10 сустрэч у гэтым сезоне Лігі 1, і займае першае месца ў турнірнай табліцы чэмпіянату Францыі.

Названы склад жаночай зборнай Беларусі на матч з Нідэрландамі

Трэнерскі штаб жаночай зборнай Беларусі па футболе вызначыў склад на матч адборавага турніру чэмпіянату свету 2023 года з камандай Нідэрландаў. Да сустрэчы з адным з галоўных фаварытаў кваліфікацыйнай групы С пад кіраўніцтвам Юрыя Малеева будуць рыхтавацца 22 футбалісткі. Большасць з іх прадстаўляюць сталічнае „Дынама-БДУФК”, таксама ў складзе 5 футбалістак, якія выступаюць у Расеі.  Трэніравальны збор беларускай дружыны пачнецца 18 кастрычніка ў Мінску, а сустрэча з віцэ-чэмпіёнкамі планеты футбалісткамі Нідэрландаў адбудзецца 26 кастрычніка на полі сталічнага стадыёна „Дынама”. На старце адборавага турніру беларускі разграмілі на сваёй арэне кіпрыётак з лікам 4:1.

Вікторыя Сафонава выйграла міжнародны турнір па фігурным катанні ў Менску

Беларуская фігурыстка Вікторыя Сафонава выйграла золата міжнароднага турніру Ice star-2021, які праходзіць у Мінску. Вынік пераможцы пасля кароткай і адвольнай праграм – 198,08 бала. У мужчынскім адзіночным разрадзе Канстанцін Мілюкоў, які выступае за каманду Беларусі, заняў другое месца з вынікам 241,24 бала. Золата ў расійскага спартоўца Андрэя Мазалёва – 244,61 бала. Яшчэ адзін беларускі фігурыст Аляксандр Лебедзеў замкнуў тройку прызёраў.

Андрэй Арлоўскі і Карлас Фэліпэ паспяхова зрабілі вагу перад UFC Fight Night 195

На арэне UFC Apэx у Лас-Вегасе адбылася цырымонія афіцыйнага ўзважвання ўдзельнікаў турніру UFC Fight Night 195. Беларус Андрэй Арлоўскі і бразілец Карлас Фэліпэ паспяхова зрабілі вагу. Андрэй Арлоўскі важыць крыху больш за 111 кг, а бразілец больш за 117 кг.

Ноччу ў Лас-Вегасе пройдзе чарговы турнір UFC. Адной з галоўных   падзей стане бой экс-чэмпіёна ў цяжкай вазе Андрэя Арлоўскага з Карласам Фэліпэ.

Беларускае Радыё Рацыя