„Вільярэал” і „Ювентус” не змаглі выявіць пераможцу ў матчы 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў



У матчы 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў УЕФА „Вільярэал” прымаў „Ювентус”. Ужо на 31-й секундзе сустрэчы лік адкрыў нападнік «Ювентуса» Душан Улахавіч. Ён забіў самы хуткі гол для дэбютанта ў гісторыі Лігі чэмпіёнаў. На 66-й хвіліне паўабаронца «Вільярэала» Дані Парэха зраўняў лік, у дотык прабіўшы па брамцы Войцэха Шчэнсны.
У другім матчы „Чэлсі” ўпэўнена абыграў „Ліль” 2:0. Кай Хаверц адкрыў лік на 8-й хвіліне. Потым Крысціян Пулішыч забіў другі гол пасля хуткай контратакі.

Валейбалісткі „Мінчанкі” прайгралі маскоўскаму „Дынама” ў матчы расейскай суперлігі

Валейбалісткі „Мінчанкі” на хатняй арэне саступілі маскоўскаму „Дынама” ў чарговым матчы жаночага чэмпіянату Расеі. Падначаленыя Станіслава Салікава не здолелі ўзяць у суперніц з Масквы ніводнага сэта – параза ў трох партыях 0:3. У турнірнай табліцы суперлігі „Дынама” са сталіцы Расеі з 39 ачкамі ідзе чацвёртым. „Мінчанка” ж размяшчаецца на дзясятым месцы, набраўшы 16 балаў у 17 сустрэчах. Ад прахаднога ў плэй-оф восьмага месца беларусак аддзяляе 8 ачкоў. Наступны матч жаночага чэмпіянату Расеі па валейболе „Мінчанка” правядзе 26 лютага ў гасцях у лідара турніру – „Дынама-Ак Барс” з Казані.

Гандбалісты менскага СКА згуляюць з „Нэрба” ў 1/4 фіналу Кубка ЕГФ

У Вене адбылося лёсаванне чвэрцьфінальнай стадыі розыгрышу Кубка ЕГФ. Віцэ-чэмпіёны Беларусі гандбалісты менскага СКА паспрачаюцца за выхад у паўфінал з нарвежскім „Нэрба”. Іх першая сустрэча пройдзе ў Нарвегіі 26 ці 27 сакавіка, паядынак у адказ адбудзецца 2 або 3 красавіка ў Менску. У выпадку выхаду ў паўфінал менскія армейцы згуляюць са швейцарскім „Арау” або пераможцам пары „Драмэн” (Нарвегія) – СКІФ (Краснадар).

Вядомы пары раунда плэй-ін чэмпіянату Беларусі па хакеі

Вядомы склад абедзвюх пар кваліфікацыйнага раунда за права гуляць у плэй-оф беларускай экстралігі. Апошнюю пуцёўку ў кваліфікацыйны раунд забраў „Брэст”, які абышоў хакеістаў „Магілёва”. За выхад у плей-оф экстралігі берасцейцы паспрачаюцца з лепшай камандай ніжняй шасцёркі турніру – „Дынама-Маладэчна”. Калектывы правядуць серыю да дзвюх перамог, першы матч супрацьстаяння адбудзецца 27 лютага ў Маладэчне. Другую пару раунда плэй-ін склалі „Хімік” і „Лакаматыў”, якія занялі па выніках „рэгуляркі” 8-е і 9-е месцы адпаведна. Стартавы матч гэтай дуэлі за права гуляць у плэй-оф пройдзе 28 лютага ў Наваполацку. Для „Магілёва” і „Ліды” сезон 2021/2022 скончаны.

Сабаленка выйшла ў 1/8 фіналу тэніснага турніру ў горадзе Доха

Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка выйшла ў 1/8 фіналу турніру ў горадзе Доха з прызавым фондам 2 мільёна 300 тысяч даляраў. У матчы 1/16 фіналу другая ракетка планеты сустракалася з французскай тэнісісткай Алізэ Корнэ і ўпэўнена выйграла ў двух сэтах – 6:2, 6:2. Гульня працягвалася 1 гадзіну 15 хвілін. У паядынку за выхад у чвэрцьфінал суперніцай Арыны Сабаленкі будзе швейцарка Жыль Тайзман, якая мае 41-е месца ў сусветным рэйтынгу.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]