„Вільярэал” стаў апошнім удзельнікам 1/8 фіналу футбольнай Лігі чэмпіёнаў



Футбалісты іспанскага „Вільярэала” сталі апошнімі ўдзельнікамі 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў. У заключным паядынку групы F іспанскі клуб абыграў у Бергама італьянскую „Аталанту” з лікам 3:2. Гэтая сустрэча павінна была адбыцца днём раней, але з-за моцнага снегападу была перанесена на суткі.

„Спартак” на выездзе абыграў „Легію”

Маскоўскі „Спартак” у гасцях перамог варшаўскую „Легію” 1:0 у матчы шостага тура групавога турніру Лігі Еўропы. На 17-й хвіліне чырвона-белыя адкрылі лік у матчы. Вызначыўся Зелімхан Бакаеў. У дадатковы час Аляксандр Селіхаў выратаваў сваю каманду, узяўшы пенальці ад Томаша Пекхарта. Гэта адбылося на 8-й даданай хвіліне гульні.

„Спартак” набраў 10 ачкоў і заняў першае месца ў групе С. Дзякуючы гэтаму каманда выйшла ў 1/8 фіналу Лігі Еўропы, абмінаючы стыкавыя матчы з камандамі з Лігі чэмпіёнаў. „Легія” засталася на апошнім, чацвёртым месцы з шасцю ачкамі і пакідае еўракубкі.

Названы найлепшы футбаліст Беларусі 2021 года

У Менску на цырымоніі „Зорны мяч-2021” названы найлепшы футбаліст Беларусі. Ім стаў паўабаронца Андрэй Салавей, які правёў сезон у „Гомелі”. Салаўю 26 гадоў. Раней ён гуляў у Слоніме, Жодзіне і Берасці. Найлепшым трэнерам прызнаны Іван Біёнчык, які працаваў у тым жа „Гомелі”, але ў наступным сезоне ўжо будзе трэніраваць салігорскі „Шахцёр”.

Кандрацьева пакінулі кіраваць зборнай Беларусі

Пасля правальнага адбору чэмпіянату свету Георгія Кандрацьева пакінулі кіраваць нацыянальнай футбольнай зборнай Беларусі. Яго кантракт дзейнічае да канца 2022 года. Пра гэта было заяўлена па выніках выканкама Беларускай федэрацыі футбола. На ім Кандрацьеў выступіў з дакладам. „Мы прыйшлі да высновы, што далей трэба ісці з маладымі хлопцамі”, — гаварыў ён. Фактычна толькі амаладжэнне зборнай Георгій Кандрацьеў падае як пазітыў у сваёй дзейнасці. У адборавай групе чэмпіянату свету яна заняла апошняе месца, прайграла сем матчаў з васьмі. Адна з паразаў — 0:8 ад Бельгіі — стала самым буйной у гісторыі каманды.

Баскетбалісткі „Гарызонта” саступілі „Самары” ў матчы EWBL

Баскетбалісткі „Гарызонта” няўдала завяршылі першы этап новага сезона жаночай Еўрапейскай баскетбольнай лігі. У сваім трэцім паядынку ў славацкім горадзе П’ешцяні чэмпіёнкі Беларусі саступілі ў авертайме расейскай „Самары” – 68:74. Самай выніковай у складзе беларускай каманды, гэтак жа як і ў дзвюх папярэдніх сустрэчах, стала Анастасія Верамеенка, якая набрала 17 ачкоў.

Гомельскі БЧ выйшаў у лідары чэмпіянату Беларусі па міні-футболе

Гомельскі БЧ выйшаў на першае месца ў чэмпіянаце Беларусі па міні-футболе. У апошнім матчы 11-га тура гамяльчане нечакана буйна перамаглі ў гасцях дзейнага чэмпіёна краіны аршанскі „Вітэн” з лікам 7:3. У пераможцаў галявы дубль аформіў Максім Конаў, які ўзначаліў спіс лепшых бамбардзіраў, забіўшы 12 мячоў. Гульцы БЧ святкавалі дзявятую вікторыю ў дзесяці праведзеных паядынках. Для аршанцаў гэта першая параза ў цяперашнім першынстве.

Масавая бойка на хакеі ў Жлобіне

Масавая бойка адбылася на хакеі ў Жлобіне. Мясцовы „Металург” у чэмпіянаце Беларусі прайграў менскаму „Юнацтву” — 5:7. „Металург” адыграўся з 0:3, але „Юнацтва” вырвала перамогу ў трэцім перыядзе. Рашаючыя шайбы госці закінулі на апошніх хвілінах, і хакеісты не змаглі стрымаць эмоцый, зладзіўшы масавую бойку.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя