Віталь Радзівонаў стаў футбольным агентам



На пасяджэнні Камітэта па статусе і пераходах футбалістаў АБФФ у спіс акрэдытаваных федэрацыяй футбольных агентаў быў дададзены экс-форвард БАТЭ Віталь Радзівонаў. Пра гэта паведамляе сайт федэрацыі. Да сакавіка 2020 года Радзівонаў выконваў функцыі начальніка каманды «Энергетык»-БДУ. Да прыходу ў менскую каманду Віталь займаў пасаду спартовага дырэктара БАТЭ.

Іга Швентэк упершыню ўзначаліла рэйтынг ВТА

Жаночая тэнісная асацыяцыя ВТА апублікавала абноўлены рэйтынг. Узначаліла рэйтынг польская тэнісістка Іга Швентэк, якая раней стала пераможцай турніру ў Маямі. 20-гадовая спартоўка змагла стаць першай ракеткай свету, пасля таго як аўстралійка Эшлі Барці заявіла аб завяршэнні кар’еры. На другі радок паднялася Барбара Крэйчыкава з Чэхіі, трэцяе месца займае іспанка Паула Бадоса. Лепшай з беларусак па-ранейшаму застаецца Арына Сабаленка, якая дзякуючы сыходу Барці захавала пятую пазіцыю.

Максім Баранаў стаў найлепшым бамбардзірам у гісторыі клуба «Мяшкоў Берасце»

Максім Баранаў стаў лепшым бамбардзірам у гісторыі гандбольнага клуба «Мяшкоў Берасце». Пра гэта паведамляе прэс-служба. У матчы з »Гомелем« Максім абышоў Андрэя Мачалава (1396), а ўжо ў наступнай гульні з »Машэкай« закінуў 1400-ы мяч за клуб, зараз у Баранава 1403 галы ў 423 матчах

У НХЛ могуць забараніць абменьваць гульцоў, якія фактычна завяршылі карʼеры з-за траўм

На агульным зборы генеральных мэнэджараў клубаў была вынесеная прапанова ўнесці некаторыя змены ў прынцып фармавання столі заробкаў. Было прапанавана забараніць абмен хакеістаў, якія знаходзяцца ў доўгатэрміновым спісе траўміраваных, маюць дзейныя кантракты, але з-за траўмаў фактычна завяршылі карʼеры, паведамляе інсайдэр Эліат Фрыдман. Пакуль гэтае пытанне знаходзіцца на стадыі абмеркавання. Не ўсе генеральныя менеджэры падтрымалі дадзеную ініцыятыву. У наступным сезоне сума столі заробкаў у лізе складзе 82,5 мільёна долараў. Гэта азначае, што столь павысяць на мільён долараў.

Беларускае Радыё Рацыя