Віталь Жук заняў 13-е месца ў алімпійскім дзесяцібор’і
На лёгкаатлетычным турніры Алімпійскіх гульняў вызначыліся чэмпіёны і прызёры ў шматбор’і. У спаборніцтвах мужчын-дзесяціборцаў золата заваяваў канадскі спартовец Даміян Уорнэр, які ўсталяваў новы алімпійскі рэкорд – 9018 ачкоў. Беларускі атлет Віталь Жук набраў у суме дзесяці відаў 8131 бал і заняў 13-е выніковае месца.
Зборная Даніі перамагла іспанцаў і выйшла ў фінал Алімпіяды
Зборная Даніі выйшла ў фінал мужчынскага гандбольнага турніру на Алімпіядзе-2020 у Токіо. У матчы паўфіналу родапачынальнікі гандбола перайгралі зборную Іспаніі – 27:23. Лепшым бамбардзірам сустрэчы стаў Мікель Хансэн, які закінуў 12 мячоў. У фінале датчане згуляюць са зборнай Францыі, іспанцы сустрэнуцца з егіпцянамі ў паядынку за бронзу. Матчы пройдуць 7 жніўня.
У актыве беларускай алімпійскай зборнай дзякуючы срэбру ў жаночай барацьбе Ірыны Курачкінай па выніках 13 дзён Гульняў у Токіо тры медалі (золата, срэбра і бронза). Беларусь разам з Угандай, Філіпінамі і Эфіопіяй дзеліць 49-52-е месцы ў агульнакамандным медальным заліку. Ну, а наперадзе планеты: Кітай, які мае 34 залатых, 24 срэбраныя і 16 бронзавых, ЗША і Японія.
«Нью-Джэрсі» працягнуў кантракт з Шаранговічам
Форвард нацыянальнай зборнай Беларусі па хакеі Ягор Шаранговіч працягне выступаць за «Нью-Джэрсі Дэвілз». Як паведамляе прэс-служба «д’яблаў», клуб заключыў з нападнікам новае пагадненне, разлічанае на два гады. Адзначаецца, што ён заробіць чатыры мільёны даляраў. У сваім дэбютным сезоне НХЛ Шаранговіч закінуў 16 шайбаў і аддаў 14 перадач у 54 матчах.
Ліянэль Месі адыходзіць з „Барселоны”
„Барселона” абвясціла, што новы кантракт з форвардам Ліянэлем Месі падпісаны не будзе. „Нягледзячы на тое, што клуб і Леа Месі дасягнулі пагаднення і мелі намер падпісаць новы кантракт, з-за эканамічных і структурных перашкод, звязаных з нормамі Ла Лігі, афіцыйна аформіць дакумент немагчыма. У сувязі з гэтай сітуацыяй Ліянэль Месі больш не будзе прадстаўляць „Барселону”. Бакі адчуваюць глыбокае шкадаванне ў сувязі з тым, што жаданне клуба і гульца выканаць не атрымаецца. „Барса” ад усёй душы дзякуе гульцу за ўклад у развіццё клуба і жадае яму ўсяго найлепшага ў асабістым і прафесійным жыцці „, – сказана ў заяве клуба на афіцыйным сайце. Месі гуляў за „Барселону” з 2000 года, за асноўную каманду з 2003-га. На яго рахунку 10 перамог у чэмпіянаце Іспаніі, па 7 – у Кубку і Суперкубку Іспаніі, 4 – у Лізе чэмпіёнаў, па 3 – у Суперкубку Еўропы і на клубным Чэмпіянаце свету.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
