„Вітэн” чацвёрты раз стаў чэмпіёнам Беларусі
Аршанскі „Вітэн” чацвёрты раз стаў чэмпіёнам Беларусі па міні-футболе, адолеўшы гомельскі ВРЗ у серыі за залатыя медалі — 3:2. У пятым, вырашальным паядынку залатой серыі аршанцы выйгралі на сваёй пляцоўцы з лікам 4:1. Гаспадары выйшлі наперад на 12-й хвіліне пасля дакладнага ўдару Антона Гусакова. Праз пяць хвілін Арцём Рось падвоіў перавагу „Вітэна”, а пасля перапынку ён вызначыўся яшчэ двойчы, стаўшы ў выніку лепшым снайперам плэй-оф – на яго рахунку 11 мячоў. Гамяльчане ў другім тайме здолелі адказаць толькі голам Дзмітрыя Лася.
Да гэтага абодва прэтэндэнты на чэмпіёнскі тытул святкавалі па дзве вікторыі на сваіх пляцоўках: „Вітэн” выйграў 3:2 (у авертайме) і 4:2, а ВРЗ двойчы перамог з аднолькавым лікам 2:1. Раней „Вітэн” выйграваў чэмпіянат краіны ў 2008, 2009 і 2013 гадах.
БАТЭ абыграў „Белшыну” у матчы чэмпіянату Беларусі
Лідар футбольнага чэмпіянату Беларусі барысаўскі БАТЭ перамог у Бабруйску мясцовую „Белшыну” з лікам 2:0 у матчы 14-га тура чэмпіянату Беларусі. Гуляючы ў гасцях у аўтсайдара, барысаўчане адкрылі лік на 27-й хвіліне пасля дакладнага ўдару капітана каманды Ігара Стасевіча. У другім тайме гаспадары стварылі некалькі галявых момантаў, але не змаглі трапіць у браму Антона Чычкана. А на 83-й хвіліне сустрэчы ў адной з контратак Павел Няхайчык забіў другі гол, прынёсшы БАТЭ чарговую вікторыю. Футбалісты менскага „Дынама” згулялі ўнічыю – 0:0 з „Энергетыкам-БДУ”. Салігорскі „Шахцёр” не здолеў адолець берасцейскі „Рух”. У першым тайме сустрэчы ў Салігорску нікому з супернікаў не ўдалося вызначыцца. На 72-й хвіліне гульні гасцей вывеў наперад сенегальскі легіянер Абдулае Дыяла, а праз чатыры хвіліны лідэр нападаў „Шахцёра” Віталь Лісаковіч зрабіў лік роўным – 1:1. Разрыў паміж „Шахцёрам” і лідарам барысаўскім БАТЭ павялічыўся да чатырох ачкоў. Футбалісты „Віцебска” прымалі на сваёй арэне гасцей з „Менска” і выйгралі з мінімальнай перавагай – 1:0. Пераможны гол з пенальці на 12-й хвіліне гульні забіў лепшы снайпер віцебчукоў Ён Нікалаеску. Падначаленыя Сяргея Ясінскага святкавалі другую вікторыю запар, а да гэтага пяць разоў запар згулялі ўнічыю.
Ягелонія паднялася на 5-е месца ў табліцы
Падначаленыя Івайла Пецева хоць і не былі відавочна лепшымі на полі, але змаглі вывезці цяжкую перамогу ў гульні з камандай свайго былога трэнера Міхала Пробежа 2:1. На 23 хвіліне Марцін Паспішыл зрабіў падачу ў штрафную і мяч упаў пад ногі Івана Рунье, які моцным ударам адкрыў лік сустрэчы. На 73-й хвіліне памылкай галкіпера Пешкавіча скарыстаўся Барташ Біда, які падвоіў перавагу «Ягі». Лік 2:0 пратрымаўся толькі да 76-й хвіліны, калі Лопес скараціў адставанне «Краковіі», але на большае гаспадарам часу не хапіла. «Ягелонія» апярэдзіла «Краковію» у турнірнай табліцы і размясцілася на 5-й пазіцыі.
«Рэал» перамог «Рэал Сасьедад» і абагнаў «Барселону»
У матчы 30-га тура чэмпіянату Іспаніі «Рэал Сасьедад» саступіў мадрыдскаму «Рэалу». Сустрэча праходзіла на стадыёне «Анаэта» у Сан-Себасцьяне і завяршылася перамогай гасцей з лікам 2:1. Лік на 50-й хвіліне сустрэчы адкрыў абаронца «Рэала» Серхіа Рамас, які рэалізаваў пенальці. На 70-й хвіліне Карым Бензема забіў другі мяч мадрыдцаў. Мікель Мерына адыграў адзін гол на 83-й хвіліне. «Рэал» у 30 матчах набраў 65 ачкоў і выйшаў на першае месца ў турнірнай табліцы Прымеры, абагнаўшы «Барселону». У матчы 30-га тура чэмпіянату Англіі «Эвертан» згуляў унічыю з «Ліверпулем». Сустрэча прайшла на стадыёне «Гудзісан Парк» у Ліверпулі і завяршылася з лікам 0:0. «Ліверпуль» у 30 матчах набраў 83 ачкі і па-ранейшаму ўзначальвае турнірную табліцу англійскай Прэм’ер-лігі. „Чэлсі” святкаваў валявую гасцявую перамогу над „Астан Вілай” 2:1. На гол Хоса ў першым тайме адказалі Пулішыч і Жыру ў другой палове сустрэчы.
Бранка Міркавіч пакінуў „Цмокi-Менск”, перайшоўшы ў чэмпіянат Літвы
Адзін з лідараў баскетбольнага клуба „Цмокi-Менск” Бранка Міркавіч вырашыў змяніць каманду, перайшоўшы ў літоўскі „Пьено Жвайгждэс.
У першы раз Бранка Міркавіч прыйшоў у склад менскіх „цмокаў” у 2014 годзе, затым у 2018-м перабраўся ў эстонскі „Калеў”, а потым зноў гуляў за чэмпіёнаў Беларусі. У мінулым сезоне ён правёў 19 матчаў у Адзінай лізе ВТБ, набіраючы ў сярэднім па 11,2 ачка за гульню. У цяперашнім міжсезонні „Цмокi” пакінуў таксама Віталь Лютыч, які вырашыў працягнуць гульнявую кар’еру ў „Самары”, якая выступае ў расейскай суперлізе. Кантракты з менскімі „цмокамі” працягнулі беларускія баскетбалісты Уладзімір Верамеенка, Аляксей Трасцянецкі, Яўген Белянкоў і Андрэй Стаброўскі. Навабранцамі найлепшага беларускага клуба сталі амерыканец Крыстафер Клайберн і цэнтравы зборнай Латвіі Клаўс Чаверс.
Беларускае Радыё Рацыя
