„Віцебск” сканфузіў менскае „Дынама”



Адзін з лідараў нацыянальнага футбольнага чэмпіянату менскае „Дынама” нечакана спасавала ў хатняй гульні з „Віцебскам” – 1:3. У першым тайме у гасцей на 28-й хвіліне вызначыўся Антон Матвеенка. Пасля перапынку Аляксандр Сачыўка параўняў лічбы на табло. Аднак далей поспех святкавалі толькі віцебляне. На 71-й хвіліне Арцём Салавей зноў вывеў прыезжых гульцоў наперад. А ўжо ў даданы час вікторыю „Віцебска” праштампаваў Сяргей Ціханоўскі.

У іншым матчы дня ўдача таксама спадарожнічала прыезжым футбалістам. Да фартуны жодзінскія тарпедаўцы прыклалі, безумоўна, і майстэрства, разграміўшы ў Мазыры тамтэйшую „Славію” – 3:0. Мячы ў гэтым спатканні забілі Дзмітрый Рэкіш (13-я хвіліна), Уладзімір Шчэрба (21-я) і Максім Скавыш (24-я).

Верхняя частка турнірнай табліцы зараз выглядае так: 1. „Шахцёр” (Салігорск) -35 ачкоў, 2. БАТЭ (Барысаў) – 33, 3. „Дынама” (Менск) – 31, 4. ФК „Слуцк” – 28. Праўда, салігорцы правялі на матч менш – у іх яшчэ гульня з гарадзенскім „Нёманам”. Беларускае Радыё Рацыя