Віцяблянін Яўген Гуцалаў прабег усю Беларусь з поўначы на поўдзень
Яўген Гуцалаў – спартовец-аматар. Бег, у тым ліку на доўгія дыстанцыі, – ягонае хобі. 650 кіламетраў, якія ён прабег за 10 дзён, – гэта самая доўгая дыстанцыя, якую яму даводзілася адольваць.
Ідэя была ў тым, каб прабегчы ўсю Беларусь, ад самай паўночнай да самай паўднёвай кропкі – ад мястэчка Асвея на Віцебшчыне да фінішу ў пасёлку Камарын Гомельскай вобласці. Усе 10 дзён давялося бегчы пад дажджом, за гэты час практычна знасіліся дзве пары красовак, але ягоны прыклад аказаўся натхняльным: па дарозе да Яўгена Гуцалава далучаліся і іншыя аматары спорту.
– Дзяўчына з Менску і хлопец з Маладэчна прыехалі да мяне ў Светлагорск. Аня ехала побач з намі на ровары, а Ягор бег разам са мной, 24 кіламетры ў адзін бок. Потым яны вярталіся, і ў яго ўпершыню атрымалася прабегчы марафонскую дыстанцыю! А назаўтра, у Рэчыцы ўжо, прыехала дзяўчына з Петрыкава. Яна бегла са мной дзесьці 20 кіламетраў.
Яўген кажа, што за час дарогі яшчэ больш пераканаўся ў непаўторнасці беларускіх краявідаў і ў шчырасці беларускіх вяскоўцаў – яны запрашалі яго да стала, прапаноўвалі начлег, запрашалі застацца адпачыць. Усе 10 дзён яму дапамагалі сябры-байкеры: яны везлі ягоныя рэчы – намёт, ежу, адзенне.
А вось наступнае падарожжа Яўген Гуцалаў збіраецца здзейсніць толькі з пляцаком, але ў кампаніі такога ж аматара бегу з замежжа.
– Мне напісаў хлопец з ЗША, зараз ён жыве ў Берліне. А ягоныя сваякі калісьці жылі ў Кажан-Гарадку. Яны ў 1900-х з’ехалі ў Амерыку, і ў яго ёсць жаданне наведаць гэтыя мясціны. Ён прапанаваў мне бегчы з ім побач.
Спадарожнікі распрацоўваюць маршрут з Менску, ягоная працягласць складзе прыблізна 250 кіламетраў.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя