Вольга Гаварцова выйшла ў другі круг кваліфікацыі Australian Open



Пачаўся кваліфікацыйны этап першага ў сезоне турніру серыі „Вялікага шлема” – адкрытага чэмпіянату Аўстраліі. Беларуская тэнісістка Вольга Гаварцова (138-ы нумар сусветнага рэйтынгу) у першым раундзе перайграла італьянку Лукрэцыю Стэфаніні (181) – 7:5, 4:6, 6:3. Яшчэ адна беларуска Юлія Гатоўка (187) усяго за гадзіну ўступіла ў дзвюх партыях амерыканцы Каралін Далхайд (198) – 4:6, 2:6.

Беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў выйшаў у асноўную сетку турніру катэгорыі АТР-250 у аўстралійскай Адэлаідзе. У матчы другога кваліфікацыйнага раунда беларус, які займае 106-е месца ў сусветным рэйтынгу, перамог прадстаўніка Манака Х’юга Ніса, у якога 692-я пазіцыя – 6:2, 6:3.

КХЛ не будзе спыняць рэгулярны чэмпіянат з-за каронавіруса

10 студзеня адбылася аператыўная нарада кіраўніцтва КХЛ па пытаннях правядзення рэгулярнага чэмпіянату, на якой Ліга прыняла рашэнне не спыняць бягучы сезон з-за каронавіруса. Было вырашана, што матчы клубаў, дзе ёсць пагроза масавага заражэння, будуць адмяняцца (з рашэннем аб магчымасці іх правядзення пазней), а каманды, эпідэміялагічная сітуацыя ў якіх стабільная, працягнуць гуляць.

Галоўным трэнерам „Гомеля” стаў Уладзімір Нявінскі

10 студзеня ФК „Гомель” заключыў кантракт з 48-гадовым спецыялістам Уладзімірам Нявінскім. Як паведамляе афіцыйны сайт клуба, тэрмін пагаднення разлічаны на 2 гады. У сезонах 2020 і 2021 гадоў Нявінскі працаваў памочнікам галоўнага трэнера ў гарадзенскім „Нёмане”.

Двухгадовы кантракт у якасці галоўнага трэнера ФК БАТЭ з клубам заключыў Аляксандр Міхайлаў. Пра гэта паведамляецца на афіцыйным сайце клуба. Да гэтага моманту 37-гадовы спецыяліст працаваў з дублюючым складам Барысаўскага клуба. Таксама каманду „жоўта-сініх” па дамове бакоў пакінуў Павел Карасёў. Расейскі паўабаронца правёў у БАТЭ мінулы сезон, у якім быў адным з найлепшых апорных хаўбекаў чэмпіянату Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя