Вольга Гаварцова выйшла ў фінал турніру ВТА 125



Вольга Гаварцова выйшла ў фінал турніру ВТА 125 ў шведскім Бастадзе з прызавым фондам 115 000 даляраў.

У паўфінальным матчы беларуска ў двух сэтах перамагла шведку Рэбэку Петэрсан – 6:3, 6:4.

Арсень Бандарэнка і Леанід Ханкевіч пакінулі „Смаргонь”

Абаронца Арсень Бандарэнка і нападнік Леанід Ханкевіч пакінулі „Смаргонь”, паведамляе прэс-служба „мядзведзяў”. Бандарэнка ў гэтым сезоне чэмпіянату Беларусі правёў за „Смаргонь” 9 матчаў, у якіх забіў 2 галы. У Ханкевіча 8 гульняў і 1 галявы пас. Таксама пакідаюць каманду паўабаронцы Уладзімір Маслоўскі і Данііл Кавалёў. Маслоўскі ў гэтым сезоне правёў за „Смаргонь” 9 матчаў і выніковымі дзеяннямі ня вызначыўся. У Кавалёва на рахунку 9 гульняў і 1 гол.

Восем гульцоў „Спутніка” сталі свабоднымі агентамі

Восем гульцоў рэчыцкага „Спутніка” атрымалі статус свабодных агентаў. У сувязі з невыкананнем фінансавых абавязкаў, камітэт БФФ па статусе і трансферах футбалістаў прыняў рашэнне даць статус свабодных агентаў васьмярым футбалістам рэчыцкага „Спутніка”. Такі статус атрымалі Станіслаў Іжакоўскі, Ігар Ясінскі, Арцём Федзянін, Аляксандр Халадзінскі, Георгій Манастырскі, Яўген Семянчук, Аляксандр Міхаленка і Кірыл Котаў. „Спутнік” замыкае табліцу вышэйшай лігі-2021 па выніках першага круга. У актыве каманды сем ачкоў у 15 матчах.

Жаночая маладзёжная зборная Беларусі стартуе на чэмпіянаце свету па валейболе

Жаночая маладзёжная зборная Беларусі сёння стартуе на чэмпіянаце свету. Матч з аднагодкамі з Польшчы праходзіць у бельгійскім Картрэйку. У пачатку чэрвеня Міжнародная федэрацыя валейбола (ФІВБ) даслала беларускай камандзе запрашэнне на ўдзел у чэмпіянаце свету сярод дзяўчат да 20 гадоў. Гэта каманда пад кіраўніцтвам Вольгі Пальчэўскай стала трэцяй на чэмпіянаце Еўропы сярод дзяўчат да 19 гадоў у 2020 годзе. Зараз дзяўчыны забраліся на прыступку вышэй і гатовыя пазмагацца за залатыя медалі. Групавы раўнд для беларускай каманды праходзіць у Бельгіі. Фінальная стадыя – у Нідэрландах. Суперніцамі нашых дзяўчат сталі такія каманды, як Польшча, Італія і Егіпет.

На Гульнях у Токіо выступяць 109 беларускіх спартоўцаў у 20 відах спорту

Нацыянальны алімпійскі камітэт Рэспублікі Беларусь абвясціў склад нацыянальнай зборнай на летнія Алімпійскія гульні ў Токіо (Японія), якія пройдуць з 23 ліпеня па 8 жніўня. Спіс даступны на афіцыйным сайце арганізацыі. Беларусь у Токіо прадставяць 109 спартсменаў, якія выступяць у 20 відах спорту. Алімпійцы ўжо пачынаюць адпраўляцца да месца маючых адбыцца стартаў. Аднымі з першых прыбудуць у Японію плыўцы, прадстаўнікі айчыннай школы паруснага спорту, акадэмічнага веславання, стральбы з лука і стральбы кулявой. Капітанам дружыны напярэдадні быў абраны знакаміты кідальнік молата Іван Ціхан. На Алімпійскіх гульнях 2016 года ў Рыа-дэ-Жанейра (Бразілія) зборная Беларусі заваявала адзін залаты, чатыры срэбраныя і чатыры бронзавыя медалі, заняўшы 40-е месца ў выніковым неафіцыйным медальным заліку.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Getty Images