Восьмая запар вікторыя менскага “Дынама”



У нядзелю завяршыўся 18-ы тур футбольнага чэмпіянату краіны па футболе.

Лідар бягучага турніру менскае “Дынама” дамаглося чарговай вікторыі – восьмай запар (!). У сталіцы Беларусі пад дажджом і градам падначаленыя Уладзіміра Жураўля адолелі дынамаўцаў Берасця – 3:1. Першы гол з пенальці майстэрскім ударам на 8-й хвіліне прынёс Ігар Стасевіч. А потым менскія легіянеры Шыкозе Удоджы (45-я) і Валянцін Дыямандэ (72-я) давялі лік да буйнага. У самым канцы Кірыл Вяргейчык скарыстаўся пасам Рамана Васілюка і скараціў розніцу ў ліку. Пры тым абарвалася сухая серыя брамніка Аляксандра Гутара, які мог 7-ы матч запар адгуляць “на нуль”. Дынамаўцы ўвогуле ў 18 сустрэчах прапусцілі толькі 6 мячоў.

Гарадзенскі “Нёман” у гасцях у звышпрынцыповай спрэчцы здолеў забраць у ФК “Менск” толькі адно ачко – 1:1. Ужо на 4-й хвіліне лік адкрыў форвард сталічнікаў Уладзімір Хвашчынскі. На 39-й ужо абаронец гаспадароў Раман Бягуноў зрэзаў мяч ва ўласную брамку.

“Гомель” у Магілёве ўратаваўся на 90-й хвіліне, калі Дзмітрый Камароўскі параўняў лік – 1:1. У дняпроўцаў на 67-й вызначыўся хаўбек Міхаіл Казлоў.

У Жодзіне салігорскі „Шахцёр” злаўчыўся адабраць тры ачкі ў мясцовага „Тарпеда” – 1:0. Адзіны забіты мяч на рахунку бамбардзіра Дзмітрыя Асіпенкі (42-я хвіліна).

Такім чынам пасля 18 туру аднаасобны лідар менскае “Дынама” – 44 ачкі, на другім месцы барысаўскі БАТЭ, у якога 41 пункт. На бронзу сур’ёзна прэтэндуюць наваполацкі “Нафтан” і „Шахцёр” – па 32. Гарадзенскі “Нёман” мае толькі 20 ачкоў, у табліцы “плыве” восьмым і адстае ад 6-га месца, якое стане “водападзелам” па выніках першага этапу, на 5 пунктаў.

Беларускае Радыё Рацыя