ВРЗ перамог „Вітэн” у матчы чэмпіянату Беларусі па міні-футболе



Гомельскі ВРЗ абыграў аршанскі „Вітэн” у гасцявым матчы чэмпіянату Беларусі па міні-футболе. У пачатку другога тайма цэнтральнага паядынку 18-га тура ўладальнікі срэбра мінулага першынства саступалі дзейным чэмпіёнам 2:3, але затым Максім Варонін зраўняў лік, а за 10 хвілін да фінальнай сірэны Давід Асланян прынёс перамогу гамяльчанам – 4:3. Вынікі астатніх сустрэч: берасцейскаму „Першаму рэгіёну” была залічана параза 0:5 у матчы з гомельскім БЧ, у сталічным дэрбі „Ахова-Дынама” саступіла „Сталіцы” – 1:5, „Барысаў-900” прайграў гарадзенскаму „УУС-Дынама” – 2:4, светлагорскі ЦКК з мінімальным лікам перамог „Менск” – 5:4, „Дарожнік” прайграў „Дынама-БНТУ” – 2:4. Становішча ў лідыруючай групе зараз такое: БЧ – 45 ачкоў, ВРЗ – 41, „Сталіца” – 37. Наступныя сустрэчы пройдуць 26-27 лютага.

Абаронца БАТЭ арандаваны санкт-пецярбургскім „Зенітам”

Санкт-пецярбургскім „Зенітам” у арэнду да 30 чэрвеня 2022 года (з правам наступнага выкупу) узяты абаронца БАТЭ Мікіта Супрановіч, паведамляе прэс-служба „жоўта-сініх”. Перад гэтым у складзе зенітаўцаў ён правёў збор у Партугаліі. У 2021 годзе Супрановіч дэбютаваў не толькі ў турніры вышэйшай лігі чэмпіянату Беларусі, але і ў маладзёжнай зборнай краіны, за якую правёў 6 матчаў і забіў 1 гол.

Аляксандра Сасновіч і Марта Касцюк выйшлі ў 1/8 фіналу парнага разраду турніру ў Катары

Беларуска Аляксандра Сасновіч і ўкраінка Марта Касцюк выйшлі ў 1/8 фіналу парнага разраду турніру ВТА-1000 у катарскай Досе з прызавым фондам 2 мільёны 331 698 даляраў. У матчы 1/16 фіналу інтэрнацыянальны дуэт апынуўся мацнейшым за пару Ірына Бара (Румынія) / Крысціна Куцава (Славакія) — 7:6 (7:3), 6:2.

Нападнік „Юнацтва” дыскваліфікаваны на адзін матч

Форвард „Юнацтва” Станіслаў Герасімаў дыскваліфікаваны на адзін матч. У матчы экстралігі з „Шахцёрам” хакеіст быў выдалены да канца гульні за штуршок на борт. Судзейскі камітэт пакінуў без зменаў штраф Герасімава і дыскваліфікаваў гульца на адзін матч. Такім чынам, форвард прапусціць гульню супраць „Металурга” 24 лютага, – перадае сайт ФХБ.

Лепшы форвард у гісторыі „Металурга” Мікіта Осіпаў вярнуўся ў клуб

Экс-нападнік і экс-капітан „Металурга” Мікіта Осіпаў вяртаецца ў Жлобін. Спецыяліст увайшоў у трэнерскі штаб „Металурга-2” і будзе дапамагаць не толькі другой камандзе клубнай структуры, але і ўсяму аддзяленню дзіцяча-юнацкага хакея, – піша сайт ФХБ. За гады выступаў за „ваўкоў” Осіпаў стаў аднаасобным лідарам па колькасці праведзеных матчаў (436), галам (86), асістам (243) і ачкам (329).

Журналісты прызналі Стэфана Кары MVP Матча ўсіх зорак НБА 

Дзевяць прадстаўнікоў СМІ адзінагалосна прызналі плэй „Голдэн Стэйт” Стэфана Кары MVP Матча ўсіх зорак-2022, які прайшоў у нядзелю ў Кліўлендзе. Вынікі галасавання апублікавала журналістка FOX Sports Меліса Ролін. Галасаванне заўзятараў, якое праходзіла на афіцыйным сайце лігі, па СМС і ў Twitter, лічылася за тры галасы. Два галасы былі аддадзены Кары, адзін — былому гульцу „Кліўленда” Леброну Джэймсу. Кары дапамог камандзе Леброна перамагчы каманду Дзюранта з лікам 163:160. Двухразовы MVP лігі набраў 50 ачкоў, рэалізаваўшы 16 трохачковых з 27, што з’яўляецца рэкордам матчаў усіх зорак.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]