Вызначаны парадак вяртання прэміяльных спартсменамі за ўжыванне допінгу
Саўмін 19 кастрычніка зацвердзіў Палажэнне аб парадку разліку, кампенсацыі і спагнання ў рэспубліканскі бюджэт сум грашовых сродкаў, выплачаных спартсменам і (або) іх персаналу за дасягнутыя спартыўныя вынікі, якія былі прызнаныя несапраўднымі з прычыны прымянення да спартсменаў спартыўнай дыскваліфікацыі за допінг у спорце.
Як паведамляе прэс-служба ўрада, кампенсацыі і спагнанню ў рэспубліканскі бюджэт падлягаюць грашовыя сродкі, выплачаныя ў адпаведнасці з указам прэзідэнта ад 15 красавіка 2013 года № 190 „Аб мерах па стымуляванні дасягнення высокіх спартыўных вынікаў”: іменныя стыпендыі прэзідэнта ў сферы фізічнай культуры і спорту; прызы ў грашовай цi натуральнай форме спартсменам, узнагароды трэнерам.
Кампенсацыя грашовых сродкаў робіцца спартоўцамі (іх законнымі прадстаўнікамі) і (або) іх персаналам, якім такія грашовыя сродкі былі выплачаныя, на падставе загаду: старшыні цэнтральнага савета ДТСААФ — па тэхнічных і авіяцыйных відах спорту; міністра спорту і турызму — па іншых відах спорту.
Разлік сумы грашовых сродкаў, якія падлягаюць пакрыццю і спагнанню ў рэспубліканскі бюджэт, ажыццяўляецца згодна з дадаткам, зацверджаным гэтай пастановай.
Пры адсутнасці добраахвотнага кампенсавання грашовых сродкаў Міністэрства спорту і турызму, ДТСААФ прымаюць меры па ажыццяўленні спагнання сродкаў у судовым парадку.
Пастанова прынятая на падставе ўказа прэзідэнта ад 24 мая 2018 года № 201 „Аб супрацьдзеянні допінгу ў спорце” і набывае моц 27 лістапада 2018 года.
belapan.by