Вызначыліся фіналісты Кубка Беларусі па футболе



Футбалісты барысаўскага БАТЭ прабіліся ў фінал розыгрышу Кубка Беларусі, адолеўшы па суме дзвюх сустрэч мазырскую „Славію”.

Пасля паразы ў Мазыры ў першым паўфінальным матчы з лікам 0:1 падначаленыя Кірыла Альшэўскага на полі „Барысаў-Арэны” узялі рэванш – 2:0. У першым тайме гаспадары двойчы дамагліся поспеху: на 12-й хвіліне Захар Волкаў адкрыў лік, а перад самым перапынкам абаронца мазыранаў Ігар Ціманюк зрэзаў мяч у сваю браму. У другім тайме госці шмат атакавалі, але так і не змаглі трапіць у брамку супернікаў.

Першымі фіналістамі кубкавага розыгрышу сталі футбалісты берасцейскага „Дынама”, якія па суме дзвюх паўфінальных гульняў узялі верх над салігорскім „Шахцёрам”. У першым тайме берасцейцы цалкам валодалі ініцыятывай: на 20-й хвіліне гульні лік адкрыў Павел Савіцкі, а праз паўгадзіны Міхаіл Гардзяйчук забіў другі мяч у браму Аляксандра Гутара. Пасля перапынку карціна гульні кардынальна змянілася: у браму гасцей трапілі Ігар Іванавіч, Дзмітрый Падстрэлаў, дублем адзначыўся Віталь Лісаковіч, але гэтага не хапіла для выхаду ў фінал. У першай сустрэчы гэтых супернікаў, якая адбылася ў Берасці, дынамаўцы перамаглі з лікам 2:0. Такім чынам, па суме двух матчаў мацнейшымі апынуліся падначаленыя Сяргея Кавальчука – з-за большай колькасці гасцявых галоў. Вырашальны паядынак 29-га кубкавага розыгрышу паміж берасцейскім „Дынама” і БАТЭ павінен адбыцца 24 траўня на поле менскага стадыёна „Дынама”. У мінулыя гады абодва цяперашнія фіналісты па тры разы станавіліся ўладальнікамі гэтага трафея.

Вылет „Славіі” з Кубка краіны прынёс менскаму „Дынама” пуцёўку ў Лігу Еўропы

Менскае „Дынама” прыме ўдзел у адборы Лігі Еўропы з першага кваліфікацыйнага раўнду. Пра гэта стала вядома пасля таго, як мазырская „Славія” саступіла БАТЭ ў матчы ў адказ паўфіналу Кубка краіны і вылецела з турніру. БАТЭ, берасцейскае „Дынама” і салігорскі „Шахцёр” ужо маюць пуцёўкі ў еўракубкі. Пасля няўдачы клуба з Мазыра дадатковая вакансія адышла сталічнай камандзе, якая фінішавала чацвёртай у чэмпіянаце краіны-2019. Уладальнік Кубка Беларусі стартуе з другога кваліфікацыйнага раўнду Лігі Еўропы.

“Ягелонія” хоча закончыць сезон на стадыёне на вуліцы Элеваторскай

Беластоцкая „Ягелонія” хоча скасаваць кантракт з гарадскім стадыёнам і скончыць матчы чэмпіяната Польшчы не стадыёне па вуліцы Элеваторскай. Уладальнікі клуба сцвярджаюць, што гэта звязана з тым, што гарадскі стадыён у эпоху каронавіруса патрабуе ад „Ягелоніі” аплаты па поўным тарыфе за арэнду стадыёна. Гарадскі стадыён патрабуе, каб плацілі штомесяц 113 тысяч злотых плюс падатак. Такім чынам, той самы ганарар, які заўсёды плацім, калі карыстаемся стадыёнам падчас матчаў лігі ці кубка. Матчы не адбыліся з сярэдзіны сакавіка. У сувязі з тым, што не атрымалі дапамогі, вымушаны шукаць іншыя рашэнні, – кажа віцэ-прэзідэнт „Ягелоніі” Агнешка Сычэўска.

Валейбалістка зборнай Азербайджана папоўніла шэрагі „Менчанкі”

Дыяганальная зборнай Азербайджана па валейболе Маргарыта Азізава будзе выступаць за „Менчанку” у сезоне 2020/2021. Такая інфармацыя апублікаваная ў афіцыйным запісе сталічнай каманды ў Facebook, паведамляе БЕЛТА. З 2012-га па 2017 год Маргарыта Азізава выступала ў камандзе „Тэлекам Баку”, была віцэ-чэмпіёнкай і пераможцай чэмпіянату Азербайджана. Таксама ў яе паслужным спісе – выступы ў чэмпіянатах Турцыі і Польшчы. Каментуючы свой выбар на карысць шматразовых чэмпіёнак Беларусі, спартоўка адзначыла, што шмат добрага чула пра клуб і сачыла за ім у Суперлізе. Да таго ж яна заўсёды хацела гуляць у расейскім чэмпіянаце. Як паведамляецца, у беларускім клубе Маргарыта Азізава будзе выступаць пад 10-м нумарам. А вось расейскія легіянеркі Вольга Багданава і Наталля Думчава, якія выступалі ў „Менчанцы”, пакінулі дружыну. Не падоўжыла пагадненне з камандай са сталіцы Беларусі і адна з лідараў клуба Кацярына Сакольчык.

Беларускае Рады Рацыя