Вызначыліся гандбольныя супернікі



 

У Вене прайшла жараб’ёўка кваліфікацыі да чэмпіянату свету па гандболе 2015 году сярод жаночых дружынаў. Беларускія гандбалісткі пазмагаюцца ў групе з камандамі Славеніі, Швайцарыі і Грэцыі. Толькі пераможца квартэту выйдзе ў наступную стадыю турніру.

Вызначыліся і супернікі беларускіх клубаў у розыгрышы еўракубкаў. У першым раўндзе мужчынскага Кубку ЕГФ «Гомель» згуляе з швайцарскім клубам «Берн Муры». Матчы пройдуць 6-7.09.2014 і 13-14.09.2014. Менскі СКА ў другім раўндзе памерыцца сіламі з мацнейшым у пары «Гурнік» Забжэ (Польшча) – «Зомінак» (Македонія). «Гомель» жа ў разе поспеху выйдзе на іспанскі «Адэмар». Матчы другога раўнду пройдуць 11-12.10.2014 і 18-19.10.2014.

У жанчын у першым раўндзе Кубку выкліку «Гараднічанка» пазмагаецца з турэцкім «Ізмірам». Сустрэчы пройдуць 15-16.11.2014 і 22-23.11.2014. У другім раўндзе Кубку ЕГФ жаночы «Гомель» правядзе сустрэчы з турэцкай «Анкарой» – 18-19.10.2014 і 25-26.10.2014. Мацнейшы ў гэтым двубоі далей у трэцім раўндзе трапляе на французскую каманду «Ісі».

Беларускае Радыё Рацыя