Вызначыліся ўсе ўдзельнікі плэй-оф мужчынскага ЧЕ па валейболе



На чэмпіянаце Еўропы па валейболе сярод мужчынскіх каманд, матчы якога праходзяць на арэнах Францыі, Бельгіі, Славеніі і Нідэрляндаў, вызначыліся ўсе пары плэй-оф. Сталі вядомыя пары 1/8 фіналу па выніках выступленняў каманд у групах B і D. У першай з іх, акрамя фаварытаў турніру, каманды Сербіі, далей пайшлі Бельгія, Германія і Іспанія. У групе D у наступны этап выйшлі дзейсныя чэмпіёны свету палякі, галяндцы, украінцы і чэхі. Самым цікавым матчам 1/8 будзе матч Славенія – Балгарыя. Астатнія пары выглядаюць наступным чынам: Нідэрлянды – Германія, Бельгія – Украіна, Польшча – Іспанія, Расея – Грэцыя, Францыя – Фінляндыя, Сербія – Чэхія.   Абаронца менскага „Дынама” Марк-Андрэ Граньяні займае 3-е месца ў спісе снайпераў-абаронцаў КХЛ   Хакеісты менскага „Дынама” пасля 7 тураў чэмпіянату КХЛ знаходзяцца на вядучых пазіцыях у рэйтынгах турніру. Марк-Андрэ Граньяні займае 3-е месца ў спісе снайпераў-абаронцаў лігі. У 7 матчах Граньяні быў дакладны тройчы і аддаў дзейсную перадачу. На аналагічнай пазіцыі ў спісе асістэнтаў лігі Дру Шор, у 7 матчах які здзейсніў 6 галявых перадач. Па паказчыку карыснасці „плюс-мінус” у топ-5 трапілі адразу два „зубра”. Франсіс Парэ і Алег Явенка, якія дзеляць 2-3-е месцы з паказчыкам +6. Акрамя таго, Явенка ўваходзіць у топ-5 „штрафнікоў”: на яго рахунку 27 хвілін штрафнога часу.   Ягор Шаранговіч трапіў у склад „Нью-Джэрсі” на выставачная матч з „Нью-Ёрк Рэйнджэрс”   Беларускі нападнік Ягор Шаранговіч трапіў у склад „Нью-Джэрсі” на выставачны матч НХЛ супраць „Нью-Ёрк Рэйнджэрс”, які адбудзецца бліжэйшай ноччу ў „Мэдысан Сквер Гарден”. Пачатак – у 2.00 у ноч з пятніцы на суботу па беларускім часе. Шаранговіч, заяўлены пад 53-м нумарам, трапіў у лік 13 форвардаў, які прымуць удзел у паядынку.   Радушка адхілены на дзве гульні, Януш прапусціць 4 матчы   19 верасня ў Доме футбола адбылося чарговае пасяджэнне Камітэта кантрольна-дысцыплінарнага і па этычных пытаннях АБФФ. Па выніках пасяджэння вырашана, што галоўны трэнер «Гарадзеі» Алег Радушка дыскваліфікаваны на дзве гульні і павінен будзе заплаціць 255 рублёў. Cпецыяліст быў выдалены ў матчы з БАТЭ. Форвард «Шахцёра» Мікалай Януш прапусціць 4 гульні за агрэсіўныя паводзіны ў матчы супраць «Энергетыка-БДУ». На 71-й хвіліне матчу нападнік за сутыкненне з абаронцам «Энергетыка-БДУ» атрымаў прамую чырвоную картку.   Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя