„Ягелонія” (Беласток) разграміла „Дынама” Батумі



Беластоцкая „Ягелонія” разграміла з лікам 4:0 на дамашняй арэне „Дынама” Батумі ў другім матчы першага кваліфікацыйнага раўнда футбольнай Лігі Еўропы.

На 58-й хвіліне першы гол забіў Гуцьеры Тамелін, а пасля выдалення гульца ў складзе супернікаў беластоцкая дружына дабіла гасцей з Грузіі – галы на рахунку Фёдара Чарных, Івана Рунье і Лукаша Секульскага.

Трэнеры каманд Канстанцін Фралоў і Ірэніўш Мамрот пракаментавалі матч:

– Нам трэба было стрымаць націск суперніка, бо ён гуляе дома пры актыўнай падтрымцы заўзятараў, выкарыстоўвае моманты ў хуткіх атаках і стандартных становішчах. Калі б мы забілі гол пры ліку 0:0, то было б усё магчыма, а так на жаль мы прапусцілі мяч, плюс яшчэ выдаленне. Канешне план на гульню змяніўся і цяжка было адгуляцца.

– Два найважнейшыя моманты – гэта канешне першы гол і чырвоная картка. Думаю, што два гэтыя ключавыя моманты паўплывалі на канчатковы вынік.

У наступным раўндзе кваліфікацыі Лігі Еўропы „Ягелонія” праз тыдзень зноў адправіцца на Каўказ, дзе згуляе з азербайджанскім клубам „Габала”, матч у адказ – праз два тыдні ў Беластоку.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота wspolczesna.pl