„Ягелонія” разграміла „Карону”



Футбалісты беластоцкай „Ягелоніі” ў хатнім матчы 20-га тура польскай экстракласы разграмілі суседа па турнірнай табліцы „Карону” (Кельцы).

Пасля першага тайма на табло гарэлі лічбы 3:1. На гол Арвідаса Навіковаса на 11-й хвіліне пасля сольнага прахода адказаў моцным ударам з дыстанцыі Яцэк Келб, але „Яга” зноў выйшла наперад дзякуючы галам Лукаша Секульскага і Караля Свідэрскага.

Пасля перапынку дубль аформіў Секульскі, а Барташ Квецень забіў свой першы гол за „Ягелонію” і ўстанавіў канчатковы лік 5:1. Трэнер „Кароны” Джыно Лецьеры прызнаў справядлівасць такой высокай перавагі „Ягелоніі”:

– Гэта была цяжкая параза. На жаль матч выглядаў не так, як мы сабе ўяўлялі. Віншуем „Ягелонію” з перамогай.

Перамога стала добрым падарункам для галоўнага трэнера „Ягі” Ірэнэуша Мамрота, які сёння адзначае свой дзень нараджэння:

– Мы згулялі з моцнай камандай, згулялі насамрэч добры і выніковы матч. Хацеў бы падзякаваць, перадусім заўзятарам, асабліва за тое, што адбылося пасля матча, прыемная для мяне неспадзяванка, бо ў мяне дзень народзінаў. Спадзяюся, што з наступнага матча таксама прывязем ачкі.

Матч з „Каронай” Кельцы быў апошняй хатняй гульнёй „Ягелоніі” ў гэтым годзе. Перамога з лікам 5:1 стала найбуйнейшай у гэтым сезоне для віцэ-чэмпіёнаў Польшчы.

Ужо ў пятніцу падначаленых Ірэнэуша Мамрота чакае няпросты выезд ва Уроцлаў да мясцовага „Шлёнска”, але ў любым выпадку „Яга” захавае за сабой месца ў тройцы найлепшых у турнірнай табліцы перад зімовай паўзай.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара