„Ягелонія” згуляе з „Беларускім домам”



26-га верасня ў Беластоку пройдзе дабрачынны матч паміж ветэранамі-зоркамі „Ягелоніі” і камандай „Беларускага дома ў Варшаве”, складзенай з беларускіх уцекачоў і студэнтаў.

Падчас матчу будзе арганізаваны збор грошай у дапамогу рэпрэсаваным беларусам. Пра гэта распавёў пасол сейма і адзін з арганізатараў матчу Роберт Тышкевіч:

– Мы вырашылі арганізаваць спецыяльнае мерапрыемства, каб прыгадаць пра патрэбу аказання дапамогі рэпрэсаваным асобам у Беларусі ды іх сем’ям. Разам з Томашам Франкоўскім мы б хацелі запрасіць усіх на вялікі дабрачынны футбольны матч, які будзе арганізаваны ў бліжэйшую нядзелю ў Беластоку. Пры нагодзе арганізуем збор сродкаў на партале zrzutka.pl, якую ладзіць фонд „Беларускі дом”.

У сваю чаргу былы гулец „Ягелоніі” еўрадэпутат Томаш Франкоўскі, які таксама будзе прымаць удзел у гэтым матчы, запрасіў жыхароў Беластока прыйсці і падтрымаць удзельнікаў матчу, а пры нагодзе сабраць грошы ў дапамогу пацярпелым ад рэпрэсій беларускіх уладаў:

– Мы жывём на памежнай тэрыторыі, маем свой маральны абавязак падтрымліваць не толькі праз Фэйсбук ці акцыі на мяжы, але таксама праз арганізацыю спартовых мерапрыемстваў. Мяркую, што мы зможам запрасіць жыхароў Беластоку і не толькі ў бліжэйшую нядзелю 26 верасня на 12 гадзіну на гарадскі стадыён, на поле, якое знаходзіцца побач. Пастараемся ў добрай атмасферы з беларускімі студэнтамі згуляць дабрачынны матч, каб сабраць сродкі.

Як адзначыў Томаш Франкоўскі, у складзе каманды зорак беластоцкай „Ягелоніі” гледачы змогуць убачыць такіх футбалістаў як Марэк Цітко, Яцэк Ханько ды гульцы, якія выступалі за „Ягу” цягам апошніх дзесяці гадоў.

Беларускае Радыё Рацыя